17 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы адбудзецца VIII Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. У рамках фестывалю пройдзе адно з самых яркіх і грацыёзных мерапрыемстваў – конкурс “Палеская прыгажуня – 2024”, дзе наш раён будзе прадстаўляць Анастасія Таргонская.

– Мяне завуць Насця, мне 19 гадоў. Вучуся на юрыдычным факультэце ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі. З дзяцінства была ўпэўнена, што буду працаваць бортправадніком, але час унёс свае карэктывы, і я абрала прафесію, з якой сапраўды хачу звязаць жыццё. З 13 гадоў займалася ў тэатры мод Петрыкаўскага цэнтра дзяцей і моладзі, дзе мы самі шылі калекцыі касцюмаў і паказвалі іх на розных конкурсах: раённых, абласных і нават міжнародных. У капілцы маіх дасягненняў – удзел у конкурсе “Міс Беларусь – 2023”, першае месца ў конкурсе “Студэнт года – 2023”, удзел у Прэзідэнцкім Навагоднім бале ў Палацы Незалежнасці – ў 2023 годзе.

Пра конкурс “Палеская прыгажуня” ведала даўно і моцна жадала у ім паўдзельнічаць. І вось мне выпаў такі шанец. Адбор удзельнікаў праводзіўся анлайн, таму я вырашыла пакінуць анкету на сайце. Крыху пазней даведалася, што прайшла адбор і змагу з гонарам прадставіць свой раён. У жыцці ўжо былі падобныя мерапрыемствы, таму вырашыла не спыняцца на дасягнутым і праявіць сябе яшчэ раз.

Дні, у сувязі з надыходзячым мерапрыемствам, праходзяць цікава і насычана. Кожны дзень актыўна праводзяцца рэпетыцыі. Акрамя рэпетыцый, наведваем фітнэс цэнтры, кінатэатры, розныя майстар-класы: па парыкмахерскім майстэрстве, па стылі, рытарычным майстэрстве. Калектыў у нас дружны, жывем разам з дзяўчатамі ў гасцініцы, адна адной дапамагаем. Канкурэнцыі паміж намі няма, і гэта не можа не радаваць.

Шчыра кажучы, усе этапы конкурса па-свойму хвалююць, бо перад намі стаіць задача – годна паказаць сябе, свой талент. Для мяне хвалюючы этап – рытарычны, дзе мы павінны будзем прадставіць сваю асобу, расказаць пра малую радзіму і пра свае дасягненні на вялікай сцэне, дзе на цябе глядзіць вялікая колькасць людзей. Але я ўпэўнена, што ўсё атрымаецца. Нашы харэографы робяць усё, каб мы былі ўпэнены ў сабе і адчувалі камфортна на сцэне. А яшчэ,  у мяне ёсць падтрымка сярод бацькоў і землякоў, гэта надае мне сілы і бадзёрасці.

Я веру, што ўсе мае мары і планы абавязова збудуцца. Вельмі хачу ў будучым працаваць па спецыяльнасці і не расчаравацца ў сваім выбары. А яшчэ ні ў якім разе не забуду пра сваё хобі і далей планую ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. Не люблю сядзець на месцы. Усе свае мары ператвараю ў мэты. Паставіў галачку ў зробленай справе – ідзі далей!Гэтага жадаю ўсім! Будзьце актыўнымі, за вас гэта ніхто не зробіць!

А мы пажадаем Анастасіі поспехаў у конкурсе. Упэўнены, што дзяўчынка годна прадставіць наш раён і атрымае перамогу. У добры шлях, Насця!

Анастасія ФЕЛЬКІНА. Фота з архіва.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о