Кожны з нас хоча жыць у чыстым і дагледжаным месцы, а не назіраць вакол сябе смецце і запусценне. Варта памятаць, што вельмі шмат у пытаннях добраўпарадкавання залежыць не толькі ад адпаведных арганізацый, але і ад кожнага з нас. Там, дзе прыгожыя вуліцы, нам камфортна ў тым ліку і таму, што нехта аднойчы захацеў усё гэта ўвасобіць, уклаў сваю працу і падключыў фантазію, прысвяціў частку сваго часу. Вядома, паўплываць на буйныя гарадскія аб’екты асобнаму чалавеку складана, але вакол нас заўсёды ёсць тое, што нам пад сілу. І нейкія прыемныя і эстэтычныя дробязі ў горадзе можна зрабіць сваімі рукамі.
Як прыклад – ідэя нашай зямлячкі, пражываючай па вуліцы Гагарына, дом 7, што ў цэнтры горада. Жыхарка выставіла квітнеючыя пакаёвыя вазоны на падаконнікі, паклапаціўшыся пры гэтым пра бяспеку іх размяшчэння (на фота). Такая ідэя надала ўтульнасці і фарбаў вуліцы, а людзям – добрага настрою: неаднойчы даводзілася заўважаць, як мінакі спыняліся, разглядалі кветкі і ўсміхаліся. Прыклад “падхапілі” гаспадыні з ваеннага гарадка – вось яно, жаданне з простага, спадручнага стварыць адпаведны настрой. І ужо, любуючыся кветкамі, прыходзіць думка: з такіх дробязяў складаецца наша ўспрыманне месца, дзе жывеш.
Да пытання прыгажосці жыхары падыходзяць па-рознаму. Ёсць і такія, хто прывык знаходзіцца побач з шэрасцю і нічога не зробіць для змены сітуацыі. Замкнуліся ў сваёй прасторы і лічаць, што іх адказнасць вымяраецца тэрыторыяй іх жылля. А тры крокі ад дому – не іх інтарэсы і справа. У гэтым можна пераканаецца, назіраючы за кветнікамі каля некаторых гарадскіх пад’ездаў. Менавіта такія прыдамавыя ўчасткі маюць важную ролю ў фармаванні ўтульнай атмасферы. Наяўнасць нават невялікага дагледжанага зялёнага кутка спрыяльна адбіваецца на жыхарах усяго дома, вуліцы. Там, дзе растуць прыгожыя расліны і квітнеюць кветкі, менш назіраецца смецця, больш адпачываюць людзі, смяюцца дзеці. Шкада, але дагледжаных зялёных зон у горадзе не так шмат. Мясцовая камунальная служба займаецца грамадскімі месцамі. На кветніках каля гарадскіх і прыватных дамоў нярэдка можна заўважыць збітую зямлю, дзе ставяць ровары, зарослую травой тэрыторыю, пасохлую расліннасць. Мы забыліся, што прыдамавая тэрыторыя – гэта перш за ўсё вотчына жыхароў. Догляд за такімі невялікімі ўчасткамі не прычыніць складанасцяў, а прынясе радасць, як чалавеку ва ўзросце, так і падрастаючаму пакаленню. Калі нам з вамі гэтым не займацца, то ў хуткім часе зялёныя ўчасткі проста згінуць, а нашы дзеці прымуць дадзены факт як належнае.
Таму, калі нам хочацца жыць у прыгожым месцы, трэба пачаць самім яго ствараць!
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий