18 кастрычніка ў горадзе Гомелі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 20-годдзю ўтварэння Гомельскай абласной арганізацыі “Ветэраны фізічнай культуры і спорту”.
Месцам правядзення мерапрыемства быў абраны Дом прафсаюзаў. У спартыўным свяце прынялі ўдзел вядомыя ў мінулым спартсмены, а зараз ветэраны: Леанід Гейштар – першы алімпійскі чэмпіён Беларусі па веславанні на каноэ алімпіяды 1960 года, што праходзіла ў горадзе Рыме. Прызёры алімпійскіх гульняў, лёгкаатлеты Мікалай Кіраў, Валерый Гаўрыленка, чэмпіён свету і Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Саваі іншыя вядомыя спартсмены Гомельшчыны.
У ліку ўзнагароджаных быў і старшыня пярвічнай арганізацыі, наш зямляк Аляксей Каюкала, за шматгадовую годную падтрымку айчыннага спорту, масавай фізічнай культуры, вялікі ўнёсак у развіццё фізкультурна-спартыўнай галіны ветэранскага руху краіны і ў сувязі з 20-годдзем з дня заснавання Гомельскай абласной ветэранскай спартыўнай арганізацыі якому была ўручана Ганаровая грамата Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту”.
Свята наведалі прадстаўнікі многіх грамадскіх арганізацый, кіраўніцтва Упраўлення спорту і турызму аблвыканкама. Паказальныя выступленні прапанавалі прысутным акрабаты СДЮСШ № 4 горада Гомеля, а з канцэртнай праграмай выступіла група “Сярэбраны век” Гомельскага гарадскога цэнтра культуры і іншыя артысты абласнога цэнтра.
Шмат прыемных слоў і зваротаў з падзякай было сказана на адрас старшыні абласной арганізацыі Мікалая Нілава – менавіта гэты чалавек вывеў у лідары краіны ветэранаў спорту Гомельшчыны. Дастаткова адзначыць, што працягам апошніх 7-мі гадоў абласная арганізацыя з’яўляецца мацнейшай на рэспубліканскім конкурсе-аглядзе на лепшую пастаноўку работы.
Арцём ГУСЕЎ.
Оставить комментарий