Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў на мінулым тыдні сустрэўся з насельніцтвам гарадскога пасёлка Капаткевічы.
У час сустрэчы было закранута галоўнае пытанне, якім сёння жыве беларускае грамадства – выбары Прэзідэнта краіны, якія прызначаны на 26 студзеня 2025 года. З календаром выбараў, дасягненнямі краіны за апошнія 30 гадоў і аргументамі на карысць удзелу ў выбарах выступіла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Ходзька.
У працяг сустрэчы гарпасялкоўцы змаглі задаць хвалюючыя іх пытанні, пазначыць праблемы. Так, жыхароў Капаткевіч хвалюе недастатковая колькасць кантэйнерных пляцовак для збору смецця і буйнагабарытных будаўнічых адходаў. Як патлумачыў галоўны інжынер райжылкамгасу Юрый Кузняцоў, у час добраўпарадкавання быў праведзены аналіз стану і мэтазгоднасці размяшчэння кантэйнерных пляцовак. Спецыяліст запэўніў, што ў бліжэйшы час па ўсіх пазначаных адрасах ці паблізу пляцоўкі будуць абсталяваны. Не застанецца без увагі і пытанне арганізацыі месцаў для збору буйнагабарытнага смецця і будаўнічых адходаў.
Узнімалася на сустрэчы і тэма ўтрымання і абслугоўвання дарог. Зазначым, што ў час маштабнага добраўпарадкавання населенага пункта на шэрагу вуліц з’явілася новае асфальтавае пакрыццё. Аднак пасёлак вялікі, таму, як пазначыў кіраўнік раёна Аляксандр Верамееў, варта надаць увагу і другасным вуліцам. Прысутны на сустрэчы кіраўнік ДРБУ-112 Канстанцін Варэнікаў запэўніў, што на наступным тыдні пачнецца падсыпка і грэйдзіраванне праблемных вуліц.
Непакоіць жыхароў Капаткевіч і тэма закрыцця шэрагу гандлёвых кропак, неналежнага ўтрымання ўласнікамі выкупленай маёмасці, якая, на жаль, не выкарыстоўваецца, работы прыёмнага пакоя гарпасялковай бальніцы.
Па ўсіх пазначаных пытаннях былі дадзены тлумачэнні прысутнымі на сустрэчы кіраўнікамі.
З інфармацыяй пра стан аператыўнай абстаноўкі ў населеным пункце выступіў начальнік РАУС Віталій Маркевіч. Праваахоўнік звярнуў увагу на выпадкі махлярства і кіберзлачыннасці, якія, на жаль, практычна кожны тыдзень здзяйсняюцца ў дачыненні да жыхароў раёна. Віталій Мікалаевіч прызваў землякоў быць пільнымі і абачлівымі.
Разам з тым гучалі на сустрэчы і словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна за праведзенае добраўпарадкаванне. Па меркаванні прысутных, гарпасёлак ажыў. Прыемна і камфортна шпацыраваць па адрамантаваных дарогах, бачыць утульныя двары шматпавярховак.
– Так, яшчэ нямала месцаў і аб’ектаў чакаюць навядзення парадку, аднак пачатак пакладзены і пры агульнай зацікаўленасці і датычнасці ўсё ў нас будзе, – рэзюмаваў Аляксандр Верамееў.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий