24 жніўня Украіна адзначыла Дзень незалежнасці. Беларускі Прэзідэнт накіраваў народу Украіны віншаванне з нагоды свята, у якім пажадаў яе жыхарам мірнага неба, талерантнасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні дастойнага жыцця. “На беларускай зямлі заўсёды з асаблівай павагай і цеплынёй ставіліся да сардэчнага і працавітага народа Украіны. На працягу доўгага часу нашы нацыі знаходзілі сілы ў адзінстве, дзялілі радасць і гора, прытулак і хлеб, разам пераадольвалі нягоды і ганарыліся сваімі поспехамі. Нас аб’ядноўваюць не толькі агульны лёс і роднасныя сувязі, але і імкненне сябраваць і ладзіць з суседзямі”, – гаварылася ў віншаванні. Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што супярэчнасці не змогуць разбурыць шматвяковы фундамент шчырых добрасуседскіх адносін паміж народамі Беларусі і Украіны. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў сённяшніх няпростых умовах не толькі магчыма, але і неабходна размаўляць на мове міру дзеля цяперашняга і будучага пакаленняў славянскіх народаў. Як справядліва лічыць Аляксандр Лукашэнка, іншай альтэрнатывы няма.
Упэўнена, што радавыя ўкраінцы пачулі шчырыя словы сваіх блізкіх суседзяў, адзначылі нашы неабыякавыя адносіны да іх лёсу. А вось сярод асобна ўзятых украінскіх палітыкаў віншаванне выклікала рэзананс. Дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка прыгразіў адрасату расправай. Выказваннямі скандальнага дэпутата зацікавілася Генпракуратура Беларусі і ўзбудзіла крымінальную справу. Яго абвінавачваюць у пагрозах гвалту і дыскрэдытацыі краіны. Зразумела, тлумачэнне такой рэакцыі дэпутата Рады ёсць. Афіцыйны Кіеў раздражняюць нашы дружалюбныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй на фоне ваеннай спецыяльнай аперацыі на Украіне. Але беларускі лідар не аднойчы ў інтэрв’ю адзначаў, што яго краіна “не імкнецца ваяваць ва Украіне і Беларусі гэтая вайна абсалютна не патрэбная”.
Сусветнай супольнасці стала даўно відавочным: канфлікт ва Украіне развязаны блокам НАТА і Амерыкай перш за ўсё. Пры гэтым, як лічыць беларускі Прэзідэнт, Мінск не раз спрабавалі ўцягнуць у канфлікт, каб “разабрацца адным махам” і з Расіяй, і з Беларуссю.
– Вы ведаеце маю пазіцыю па Украіне, яна застаецца нязменнай, – не раз адзначаў Аляксандр Лукашэнка. – Я вельмі хацеў бы, каб тры славянскія народы былі разам. Ніхто не збіраецца занявольваць адзін аднаго, ніхто не збіраецца ціснуць адзін на аднаго. Мы павінны быць разам. На карысць народаў”.
Святлана СОБАЛЕВА.
Оставить комментарий