Муляраўскі аварыйна-выратавальны пост № 14 сустракаў карэспандэнтаў “Петрыкаўскіх навін” вялікімі пераменамі. Тут у самым “разгары” капітальны рамонт будынку, які распачаўся ў мінулым годзе. У кабінетах, рабочых памяшканнях ідуць будаўнічыя работы, раўняюцца сцены, мяняюцца вокны, абнаўляецца інтэр’ер. З гэтай тэмы і пачалася размова з нашым героем, начальнікам паста, старшым лейтэнантам унутранай службы Аляксеем Шэўкам.

– Для асабістага складу – усяго дзесяці чалавек, пасля заканчэння работ будуць створаны ўсе неабходныя умовы для працы і адпачынку. Канечне, мы кранутыя такой увагай да нас і ўдзячныя абласному ўпраўленню МНС, раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях за магчымасць палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу, – дзеліцца суразмоўца. – Нягле-дзячы на тое, што працуе брыгада будаўнікоў, ні адзін чалавек з асабістага складу не застаецца ў баку. Дапамагаем, праяўляем асабістую ініцыятыву, як кажуць, “хто чым можа” набліжае момант працы ў абноўленым будынку.
Аляксей Мікалаевіч працуе на пасадзе начальніка паста параўнальна нядаўна – два гады, але гэты факт не ўплывае на выніковасць работы калектыву пад яго кіраўніцтвам. Заслужыў агняборца павагу калег і насельніцтва Муляраўскага сельскага Савета, не раз у яго адрас былі адрасаваны словы падзякі ад начальства.
Насельніцтва сельскага савета, на тэрыторыі якога размешчаны пост, яму добра вядома – сам родам з Муляраўкі. Несумненна, гэта спрыяе і прафілактычнай рабоце з насельніцтвам, якую праводзіць афіцэр. Аглядавыя камісіі, сходы грамадзян, планавыя пасяджэнні ў мясцовым органе самакіравання, наведванне ўстаноў адукацыі – неад’емная частка яго дзейнасці нараўне з арганізацыяй ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
– Стаць пажарным у мяне была думка з юнацкіх гадоў. Ужо з пачатковых класаў мы ведалі: пажар, патоп, ураган, падзенне дрэва, зніклы ў лесе грыбнік, выяўленае асінае гняздо, немагчымасць выбрацца з канструкцый, разбіты градуснік – набіраем “101” і клічам на дапамогу выратавальнікаў. Хацелася стаць такім героям для людзей, – успамінае мужчына.
На справе аказалася ўсё не так проста. Пасля заканчэння Смятаніцкай школы юнак падаў дакументы ў Гомельскі інстытут грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, але не дабраў крыху балаў. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, прай-шоў службу ў войску, і менавіта ў той перыяд яму паступіла прапанова працаўладкавання майстрам-выратавальнікам у пажарную часць горада Петрыкава. Згадзіўся, і з яго слоў – ні разу не пашкадаваў. Выйшла, што юнацкая мара спраўдзілася.
Суразмоўца прызнаецца, адметнасць прафесіі пажарнага ў тым, што загадзя немагчыма ведаць, колькі выклікаў будзе і якія надзвычайныя сітуацыі здарацца. Быць напагатове трэба заўсёды, умець імкліва ацэньваць абстаноўку, каб зразумець як лепш размеркаваць чалавечы рэсурс. І важна не баяцца, быць моцным духам.
– Быў у нас выпадак, калі ў адзін дзень з кароткім прамежкам часу паступі званкі ад насельніцтва з трох пунктаў раёна, – дзеліцца начальнік паста. – Скажу шчыра: мне пашанцавала з камандай. Байцы арганізаваныя, хутка рэагуюць на надзвычайную сітуацыю, у калектыве адчуваецца падтрымка і разуменне. На пасту заўсёды напагатове дзве адзінкі тэхнікі. Паспець і аператыўна ліквідаваць надзвычайную сітуацыю, у гэтым і ёсць наша праца – і ўдзень, і ўначы.
Аляксей Мікалаевіч адзначае: каб хутка і своечасова аказваць дапамогу тым, каму яна тэрмінова патрэбная, павінна быць і смеласць, і рашучасць, і дабрыня. Таму калі чалавек ідзе ў выратавальнікі, мала паглядзець з вуліцы за працай работнікаў аддзела, трэба адчуць яе на сабе. Тыя, хто праходзіць баявую загартоўку і застаецца – іх людзі.
Работа займае шмат часу ў начальніка Муляраўскага аварыйна-выратавальнага паста, і толькі позна ўвечары ён вяртаецца дадому, дзе яго чакаць жонка і трохмесячная дачушка. Несумненна, што цеплыня і ўтульнасць сямейнага ачагу надаюць маладому чалавеку сілы і энергіі, такія патрэбныя ў няпростых буднях выратавальніка.
– Напярэдадні прафесійнага свята жадаю ўсім сваім калегам моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, бадзёрасці духу, аптымізму і поспехаў у нашай справе – абароне жыцця людзей ад надзвычайных сітуацый.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о