У гады Другой сусветнай вайны гітлераўская Германія стварыла на тэрыторыі акупаваных ёю краін Еўропы гіганцкую сетку канцэнтрацыйных лагераў, якія былі пераўтвораны ў месцы арганізаванага сістэматычнага знішчэння мільёнаў людзей. Кожнаму выпала свая ноша ў той вайне: хтосьці абараняў Радзіму і гінуў у баі, хтосьці падрываў дух ворага з тылу, а камусьці наканавана было прайсці праз нечалавечыя выпрабаванні ў лагерах смерці. Жывыя сведкі таму – архіўныя дакументы. Прапануем вашай увазе ліст часоў Вялікай Айчыннай вайны, напісаны Пасюком Іванам Сідаравічам, жыхаром горада Петрыкава:
“…У 1942 году, быўшы ў радах Чырвонай Арміі, я патрапіў у нямецкі палон. А было гэта так. Уначы, з групай байцоў-чырвонаармейцаў, я пайшоў у тыл ворага для разведкі агнявых пунктаў суперніка. Вяртаючыся ў сваю частку, мы натрапілі на варожы дзот. Я быў цяжка паранены і падабраны немцамі ў непрытомным стане. Ачуўся ў адным з лагераў для ваеннапалонных каля горада Вільяндзі ў Эстонскай рэспубліцы. У кастрычніку 1943 года я трапіў у лагер Майданак. Вельмі цяжка ўспамінаць і перадаваць словамі тое, што мне прыйшлося перажыць.
12 кастрычніка 1943 года мяне з групай рускіх ваеннапалонных выгрузілі з наглуха забітых таварных вагонаў на адным з пунктаў. Куды мы былі прывезены – ніхто не ведаў, вакол стаяў смуродны пах. На досвітку мы ўбачылі незлічоную колькасць вартаўнічых вышак і баракаў. Затым, за намі прыйшлі да паўсотні эсэсаўцаў з такой жа колькасцю сабак – аўчарак. Да нас дайшлі чуткі, што гэта лагер смерці, адкуль ніхто жывым не вяртаецца.
Сам лагер цягнуўся на 25 квад-ратных кіламетраў і разбіваўся на асаблівыя “палі”. Мяне загналі на “поле” № 2, абгароджанае калючым дротам. Праз драцяную агароджу праходзіў ток высокага напружання. Пасярод нашага “поля” стаяла шыбеніца для публічнага пакарання. У першы дзень майго знаходжання ў лагеры пакаралі смерцю 6 вайскоўцаў, за што – ніхто не ведаў. Страшэнная карціна катаванняў і здзекаў праходзіла перад маімі вачыма штодня. Кармілі нас баландой з травы, замест солі дабаўлялі касцяную муку. За дзень давалі: 1 літр баланды і 250 грам хлеба. Два разы на тыдзень – па 3 бульбіны. Людзі сотнямі паміралі ад знясілення. Паміралі ў лагерах і на працы, замярзаючы на марозе. Кожную раніцу выносілі з баракаў па некалькі соцень трупаў.
Асаблівае катаванне было ў начальніка нашага “поля” эсэсаўца Тумана. Пра яго прыезд з горада Любліна апавяшчаліся загадзя ўсе палонныя лагера. Мы павінны былі да прыезду начальніка выстраіцца ў шэрагі і стаяць на марозе па некалькі гадзін. Многія тут жа падалі і больш не паднімаліся. Эсэсавец абыходзіў “поле” з 5-мі аўчаркамі, з якімі ніколі не разлучаўся. Пры найменшым шораху падчас яго праходжання міма калоны “непаслухмяныя” разрываліся сабакамі. Так, на маіх вачах, аднаго майго таварыша з Урала – Леаніда Пятроўскага за тое, што ён павярнуў галаву падчас абыходу, распранулі нагала на 25-градусным марозе і падалі на разарванне сабакам. На наступны дзень такі ж лёс напаткаў і Голька Андрэя з Украіны за тое, што ён загаварыў з суседам. Такія нечалавечыя здзекі адбываліся кожны божы дзень.
Яшчэ больш страшныя чуткі даходзілі да нас пра нейкія печы. Кожны бачыў трубу і чуў пах мярцвячыны, але падрабязнасцяў не ведалі. Немцы сваю вынаходку трымалі ў вялікім сакрэце. Смяротнікам і ўсім астатнім казалі, што іх накіроўваюць у лазню, але адтуль ніхто не вяртаўся. Кожны дзень з нашага “поля” накіроўвалі ў так званую “лазню” па 500-600 чалавек. У ліпені месяцы, перад прыходам Чырвонай Арміі, колькасць накіроўваных у “лазню” расла. Кожную гадзіну па 300-350 чалавек з нашага “поля” адпраўляліся на смерць. Відавочную карціну я сам убачыў толькі 23 ліпеня 1944 года. Частку ваеннапалонных немцы не паспелі выгнаць з лагера, у іх ліку – застаўся і я. Як пазней стала вядома, немцы планавалі спаліць нас у печах, але не паспелі.
На свае вочы бачыў я 5-ці ўцалелых нямецкіх “лазняў” – д’ябальскіх печаў. Яны працавалі круглыя суткі з нагрузкай 1400 трупаў кожныя суткі. Набівалі іх пашчыльней і хутчэй спальвалі, але ўсё ж не паспелі скончыць сваю крывавую справу. У печах ляжалі даверху набітымі незгарэлыя трупы ваеннапалонных чырвонаармейцаў, дзяцей, жанчын і старых. Над высокай трубой крэматорыя віўся чорны смурод.
З лагера Майданека мяне падабралі не чалавекам, а шкілетам – вагой 30 кілаграм. Цяпер сілы мае цалкам адноўлены. Праз некалькі дзён накіроўваюся на фронт. Клянуся, што за мільёны ахвяр, закатаваных немцамі-людаедамі на Майданеку, буду помсціць да таго часу, пакуль будуць бачыць вочы, а рукі – трымаць вінтоўку… Іван Сідаравіч Пасюк. 29 снежня 1944 года…”.
Прайшло ўжо больш за 80 гадоў, пасля тых страшных падзей. Толькі захоўваючы памяць, можна спа-дзявацца на тое, што падобнае больш ніколі не паўторыцца.
Падрыхтавала
Святлана СОБАЛЕВА,
па матэрыялах занальнага дзяржаўнага архіву ў горадзе Мазыры.
Оставить комментарий