Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько з рабочым візітам наведала Петрыкаўшчыну.
У шэрагу запланаваных спраў – сустрэчы з працоўнымі калектывамі галін адукацыі і культуры, упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, Белдзяржстраху, упраўлення па працы з плацельшчыкамі, ДРАЦ “Пціч”, ААТ “Чалюшчавічы”, Белтэлекама, Петрыкаўскай і Капаткевіцкай устаноў аховы здароўя, сацыяльнага пансіяната “Палессе”.
Асноўныя тэмы сустрэч: “Удзел у выбарах – права кожнага”, “2025 год – Год добраўпарадкавання”.
У мінулую суботу парламентарый працавала ў аграгарадку Навасёлкі, дзе сустрэлася з насельніцтвам, працоўным калектывам Навасёлкаўскай бальніцы сястрынскага догляду.
На сустрэчах Святлана Уладзіміраўна адзначала, што за апошнія тры дзесяцігоддзі беларусам удалося стварыць моцную і незалежную краіну. Але мір, згода, годныя ўмовы жыцця, прыгожыя і добраўпарадкаваныя гарады і сельскія населеныя пункты – усё гэта не ўзнікла само па сабе. Гэта вынік агульных намаганняў грамадства і дзяржавы.
– Каб захаваць усё гэта, важна нам зрабіць правільны крок на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мы выбіраем свайго лідара, таго, хто будзе абараняць нашы інтарэсы, хто гарантуе, што мы будзем жыць і надалей добра, – адзначыла прадстаўнік улады, – Наш выбар вызначыць будучыню краіны, рэгіёна, малой радзімы, усіх грамадзян і кожнага чалавека паасобку.
Дэпутат адзначыла: удзел у палітычнай падзеі падкрэслівае нашу калектыўную адказнасць за дабрабыт Беларусі. Наш грамадзянскі абавязак – быць актыўнымі ўдзельнікамі дэмакратычнага працэсу.
Надавалася ўвага і падпісанаму кіраўніком дзяржавы Указу, якім 2025-2029 гады абвешчаны пяцігодкай якасці. Пяцігодка ахопіць усе сферы жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства. Было адзначана, што 2025 год – Год добраўпарадкавання.
– Дзяржава шмат робіць для павышэння якасці жыцця людзей, і важна, каб і жыхары ўносілі свой уклад. Мы ўсе разам павінны зрабіць нашы населеныя пункты прыгожымі, – абазначыла прадстаўнік улады.
Таксама Святлана Уладзіміраўна азнаёміла прысутных з заканатворчай дзейнасцю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і іх работай з людзьмі, з навацыямі заканадаўчай базы ў пытаннях сацыяльнай падтрымкі і аховы розных слаёў насельніцтва.
У час наведвання Навасёлак у жыхароў была магчымасць агучыць хвалюючыя пытанні: праца мясцовай установы аховы здароўя, стан дарог, магчымасць транспартнага паведамлення да Капаткевіч, добраўпарадкаванне Навасёлак – не поўны спіс таго, што хвалюе насельніцтва.
Трэба адзначыць, што на сустрэчу ў мясцовы Дом культуры прыйшло многа жыхароў аграгарадка. Пасля заканчэння мерапрыемства ўдзельнікі размовы не спяшаліся разыходзіцца па дамах. Адны засталіся на прыватную размову з дэпутатам, другія абмяркоўвалі пачутае. Не былі вяскоўцы супраць пагутарыць і з карэспандэнтам раённага выдання, падзяліцца тым, што прынесла ім сустрэча з дэпутатам.
Ніна Савянок.
– Такія сустрэчы вельмі важныя для насельніцтва. Выступленне дэпутата дало мне адказы на некаторыя пытанні, на многія рэчы я паглядзела па-іншаму. Сёння наўрад ці знойдзецца чалавек у нашай краіне, які б не ведаў, што народ рыхтуецца да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шмат пра гэта пішуць і гавораць. На сустрэчы простымі словамі даступнымі для мяне, вясковага пенсіянера, было сказана пра неабходнасць прыйсці на выбарчы ўчастак, прагаласаваць за кандыдата, якому давяраю. Вельмі падкупіла тое, што Святлана Уладзіміраўна прыводзіла прыклады з нашага жыцця: як жылі беларусы раней і як сёння. А я добра памятаю той час, калі паліцы ў крамах былі паўпустыя і многія рэчы былі дэфіцытам. Таму згодна з тым, што пачула: усё што здабывалася дзесяцігоддзямі трэба захаваць, бо вельмі цяжкай працай дасталіся нам усе сённяшнія выгоды. Гаварылі на сустрэчы і пра мір на нашай зямлі. Яго патрэбна захаваць. Паглядзіш, што адбываецца ў нашых суседзяў-украінцаў, і сэрца баліць за людзей, якія некалі жылі спакойна.
Ну і, канечне, важная частка сустрэчы, дзеля якой прыйшлі многія жыхары Навасёлак – гэта хвалюючыя пытанні землякоў. На многія з іх Святлана Уладзімраўна дала адказ у час сустрэчы, другія “ўзяла на аловак”.
Віктар Дашкевіч.
– Я прыйшоў на сустрэчу паслухаць, што скажа пра важныя палітычныя падзеі чалавек, якога мы добра ведаем. Святлана Уладзіміраўна наша зямлячка – хто, як не свой чалавек, раскажа праўду. З выбарам кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь я вызначыўся раней. Пасля сустрэчы з дэпутатам упэўніўся ў правільнасці свайго выбару. Важнай для мяне была тэма добраўпарадкавання. Указ Прэзідэнта № 1, якім 2025 год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання – своечасовы і актуальны. Знешні выгляд гарадоў і малых населеных пунктаў заўсёды быў у нас прыярытэтным напрамкам. Нават жыллё не можа забяспечыць чалавеку поўны камфорт, калі не прыведзена ў парадак прылягаючая тэрыторыя. Як адзначыла Святлана Уладзіміраўна, да навядзення парадку на зямлі павінны падключыцца ўсе жыхары ў сваім населеным пункце. Усё гэта павінна рабіцца адной вялікай камандай.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий