Забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх – аснова здаровага грамадства. Гэты абавязак, ускладзены не толькі на бацькоў, але і на дзяржаву ў выглядзе яе кампетэнтных органаў. У гэтым кантэксце асаблівую ролю адыгрываюць камісіі па справах непаўналетніх, якія з’яўляюцца ключавым звяном у сістэме абароны дзяцінства. Наша суразмоўца – старшыня камісіі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага райвыканкама Наталля Ходзька:

– Наталля Мікалаеўна, якія асноўныя напрамкі дзейнасці КСН?
– Дзейнасць камісіі шматгранная і ахоплівае шырокі спектр пытанняў, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Гэта разгляд спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і крымінальных справах у дачыненні да непаў-налетніх, прафілактыка безнагляд-насці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
– Што вы можаце адзначыць па выніках працы камісіі за мінулы год?
– Мінулы год быў для нас годам напружанай, але плённай працы.
Праведзена 41 пасяджэнне, на якіх разгледжана 473 матэрыялы рознага характару. На працягу апошніх гадоў удалося стабілізаваць падлеткавую злачыннасць. Па выніках мінулага года здзейснена 3 злачынствы 3-ма непаўналетнімі. У параўнанні з мінулым годам адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў непаўналетніх, здзейсненых да дасягнення ўзросту, з якога надыходзіць крымінальная адказнасць – з 10 да 7. Таксама прасочваецца станоўчая дынаміка па прафілактыцы здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў непаўналетнімі – з 25 да 10.
– Якія прычыны паслужылі здзяйсненню правапарушэнняў непаўналетнімі?
– У большасці выпадкаў гэта неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў законнымі прадстаўнікамі па выхаванні сваіх дзяцей, адсутнасць арганізацыі пазашкольнай дзейнасці.
У дачыненні да бацькоў за халатныя адносіны да выхавання сваіх дзяцей разгледжана 29 адміністрацыйных матэрыялаў, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 7 законных прадстаўнікоў. Сума штрафу склала больш за 27 БВ.
– У кампетэнцыю камісіі ўваходзіць праца з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З якімі праблемамі вы сутыкаецеся ў гэтым напрамку і як іх вырашаеце?
– За бягучы перыяд 2025 года выяўлена 138 непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з 66 семяў.
Праблемы, з якімі мы сутыкаемся ў дадзеным пытанні, вельмі разнастайныя і часта пераплятаюцца. Гэта і злоўжыванне спіртнымі напоямі, адсутнасць працы ў законных прадстаўнікоў, асацыяльныя паводзіны дарослых.
Вырашэнне такіх сітуацый патрабуе комплекснага падыходу. Наша задача – максімальна захаваць сям’ю, але пры гэтым забяспечыць бяспеку дзіцяці. Мы пачынаем з дыягностыкі сітуацыі, выяўляем прычыны нядобранадзейнасці. Затым распрацоўваем індывідуальны план работы з сям’ёй. Усімі зацікаўленымі структурамі праводзіцца значная работа, накіраваная на нармалізацыю жыцця ў сем’ях.
– Якія меры прымаюцца ў выпадку ігнаравання законнымі прадстаўнікамі выканання рашэння КСН?
– Прымаецца рашэнне аб накіраванні ў КДН хадайніцтва аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У 2025 годзе прынята 10 такіх рашэнняў у дачыненні да 30 дзяцей. Пазбаўлены бацькоўскіх правоў законныя прадстаўнікі ў дачыненні да 12 дзяцей з 6 сем’яў. 22 дзіцяці вернуты ў біялагічныя сем’і – з імі праводзіцца пэўны час сацыяльны патранат.
– Наталля Мікалаеўна, што на ваш погляд неабходна для станоўчай дынамікі ў пытаннях правапарушэнняў непаўналетніх, сямейнай нядобранадзейнасці?
–Комплексны падыход і міжведамаснае ўзаемадзеянне. Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам атрымаць рэальны вынік. Асаблівая ўвага прафілактычнай рабоце. Прадухіліць праблему заўсёды лягчэй, чым потым яе вырашаць. Мы імкнемся стварыць умовы, у якіх кожнае дзіця будзе адчуваць сябе абароненым, запатрабаваным і мець магчымасць для паўнавартаснага развіцця.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о