Сёння, 5 кастрычніка, спаўняецца 106 гадоў з дня ўтварэння службы крымінальнага вышуку Беларусі. Мы пацікавіліся, як праходзяць першыя месяцы службы ў оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку РАУС лейтэнанта міліцыі Паўла Ермалаева.
Малады, падцягнуты права-ахоўнік пачаў свой аповяд: “Сам я родам з аграгарадка Навасёлкі. У час навучання ў школе мне лепей даваліся гуманітарныя дысцыпліны. Акрамя гэтага, падабаліся заняткі ігравымі відамі спорту і лёгкай атлетыкай. У старэйшых класах, калі падлеткі пачынаюць задумвацца пра будучую прафесію, я абіраў паміж гуманітарным профілем, спецыяльнасцю настаўніка фізічнай культуры і службай у сілавых структурах. У свой выпускны 2020 год канчаткова вырашыў, што хачу быць праваахоўнікам. Рашэнне было самастойнае, але ў якасці станоўчага прыкладу паслужыў мой стрыечны брат, які зараз працуе у Партызанскім РАУС горада Мінска. У выніку я паступіў і паспяхова скончыў Магілёўскі інстытут МУС”.
Па словах маладога чалавека, навучанне ў ВНУ давалася напачатку складана. Вядома, многія студэнты, выпраўляючыся ў больш вялікія горады, прагнуць самастойнасці і свабоды. Курсанты ж жывуць казарменым ладам па распарадку, дасканала вывучаюць устаў. Каб прыстасавацца да такіх змен у жыцці, учарашнім школьнікам патрэбны час. “Але гэта дробязі ў параўнанні з тым, што у мяне з’явілася мноства сяброў і навучанне праходзіла вельмі цікава. Пэўна, кожнага юнака захапілі б зброя, рыштунак і тэхніка, што стаяць на ўзбраенні МУС, цікавыя расказы пра выпадкі з вопыту службы нашых выкладчыкаў, нюансы спазнання такой навукі, як крыміналістыка”, – падзяліўся ўражаннямі Павел Ермалаеў.
Вядома, не пакінуў курсант і сяброўства са спортам. З 2-га курса юнак увайшоў у зборную інстытута па лёгкай атлетыцы, а зараз ужо атрымаў прапанову выступаць за каманду праваахоўнікаў вобласці. Дарэчы, заняткі спортам, самае малое адзін раз на тыдзень, у райаддзеле арганізаваныя ў абавязковым парадку.
Па словах Паўла, калектыў на першым працоўным месцы сустрэў яго добра. “Увогуле, трапіць у невялікі горад на першае месца службы, пэўна, адзін з лепшых варыянтаў. Мяркуйце самі, крымінагенная абстаноўка тут не такая складаная, як у вялікіх населеных пунктах. Гэта дазваляе больш грунтоўна вывучаць кожную справу, ды і калегі гатовыя падзяліцца сваім унушальным вопытам”.
У большасці сваёй оперупаўна-важаны сутыкаецца на рабоце з крадзяжамі, таксама зараз зай-маецца справамі кіберзлачыннай накіраванасці. Нават у аддзеле крымінальнага вышуку істотная ўвага надаецца прафілактычным мерапрыемствам. “Тлумачальныя гутаркі з насельніцтвам мы праводзім заўсёды – у час апытання сведкаў, працы з пацярпелымі заўсёды звяртаем увагу на меры бяспекі па захаванні асабістай і маёмаснай бяспекі. Здараецца, што працоўнага часу на выкананне ўсіх задач не хапае, таму даводзіцца заставацца на рабоце ці прысвячаць справам выхадныя дні. Бацькі спачатку хваляваліся, але паступова пачалі разумець, што такая ўжо я мяне прафесія, у якой у пераважнай большасці выпадкаў работу адкласці немагчыма”.
Напрыканцы нашай сустрэчы Павел Дзмітрыевіч пажадаў калегам і іх родным моцнага здароўя, цярплівасці і працоўных поспехаў. “Чытачам жа я б хацеў нагадаць пра пільнасць. Як бы надзейна не працавала міліцыя, бяспека ў першую чаргу павінна пачынацца з уласнай абачлівасці і пільнасці кожнага грамадзяніна”, – рэзюмаваў супрацоўнік крымінальнага вышуку.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий