Напярэдадні раённых Дажынак, якія адбыліся ў раённым цэнтры, мы пагутарылі з перадавіком гаспадарчай вытворчасці Дзмітрыем Качэлем. Механізатар ААТ “Курыцічы” стаў лепшым сярод маладых механізатараў на ўборцы ўраджаю зерневых, зернебабовых культур і кукурузы, намалаціўшы 1008 умоўных тон зерня.

Дзмітрый Мікалаевіч неаднаразова станавіўся героем нашых рэпартажаў, але для спакойнага і разважлівага ў гутарцы ды хуткага і кемлівага ў працы маладога чалавека заўсёды знойдзецца шэраг новых пытанняў, бо час мяняецца, а за яго плячыма – чарговы палявы сезон.
Дзмітрый – ураджэнец Куры-цічаў. “Мой бацька, на жаль, зараз ужо нябожчык, таксама быў механізатарам, заўсёды ў ліку перадавікоў. З ім я і праводзіў хіба не ўвесь вольны час на палетках. Так пачала з’яўляцца цікавасць да тэхнікі, а бацька на ўсё жыццё застаўся для мяне ўзорам сапраўднага хлебароба, шчырай працы, які не шкадуе ні вольнага часу, ні ўласных сіл на ніве і ў майстэрні. Дарэчы, дзядуля ў свой час працаваў на трактары, а бабуля – даглядчыцай. Таму маё вызначэнне з прафесіяй нечаканасцю не было, можна лічыць, што працягваю сямейную дынастыю”, – распавёў суразмоўца.
Як і ў многіх вясковых хлопцаў, з цягам часу на двары пачала з’яўляцца свая тэхніка – мапеды, матацыклы. У юнацкім узросце Дзмітрый пачаў дапамагаць бацьку спраўляцца на палетках. Ну, а калі ў 10-м класе з’явілася магчымасць навучання на вучэбна-вытворчым камбінаце, кірунак быў ужо наканаваны і юнак, урэшце, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне трактарыста.
– Адразу пасля заканчэння школы, у 2011 годзе, я ўладкаваўся на працу ў нашу гаспадарку, дзе і атрымаў астатнія катэгорыі вадзіцеля трактароў. Потым была служба ў арміі і вяртанне ў роднае сельгаспрадпрыемства, дзе бесперапынна працую да гэтага часу, – распавёў Дзмітрый Качэля.
Мы не маглі не пацікавіцца ў аграрыя, чым яго вабіць вёска, бо большасць моладзі, накіроўваючыся на вучобу і спазнаўшы выгоды жыцця ў гарадах, намагаецца там застацца.
– Мне не падабаецца жыццё ў горадзе. Шчыра буду казаць, у тым жа Мазыры можна цудоўна правесці час: прагуляцца, сустрэцца з сябрамі, пасядзець у кафэ, наведацца за набыткамі ў краму, адвесці дзіця ў забаўляльны цэнтр, але не больш. Усё гэта можна зрабіць працягам аднаго дня і вярнуцца дадому. У вёсцы ж я адчуваю сябе вольным, вызваленым ад гэтай гарадской мітусні. Паглядзіце самі – там літаральна ўсе людзі, што крочаць па вуліцы, заўсёды некуды спяшаюцца. Мне гэта не даспадобы, – падзяліўся поглядам на жыццё Дзмітрый Мікалаевіч.
Наш герой шчаслівы бацька – разам з жонкай Жаннай яны гадуюць дачушку Кіру. Зараз вольнага часу ў механізатара больш, таму ёсць магчымасць як раз наведваць гарады, адметныя мясціны Петрыкаўшчыны і, вядома, займацца хатнімі справамі.
Напрыканцы нашай гутаркі Дзмітрый Іванавіч рэзюмаваў: “З нагоды раённых Дажынак хацелася б пажадаць калегам моцнага здароўя і дабрабыту ў сем’ях. З вясны па восень мы літаральна жывем на рабоце, таму ўзімку жадаю кожнаму хлебаробу ўсю сваю цеплыню і любоў паспець аддаць сямейным, бо ўсе мы ўдзячны блізкім за разуменне і падтрымку ў нашай нялёгкай справе”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о