У гаспадарках раёна актыўна ідзе нарыхтоўка кукурузы на сілас, які ў далейшым стане натуральным, карысным і пажыўным дадаткам да асноўнага корму буйной рагатай жывёлы.
СУП “Палессе-Аграінвест” традыцыйна задае тэмп ва ўборцы “царыцы палёў”. Днямі мы наведалі аддзяленне “Вялаўск”, каб пацікавіцца, як ідуць справы з нарыхтоўкай сіласу ў зарэчнай зоне гаспадаркі. Як высветлілася, кормаўборачныя камбайны вывелі ў палі ў мінулы аўторак, 20 жніўня.

На тэрыторыі МТК нас сустрэў упраўляючы аддзяленнем Васіль Казачэнка. Па словах мужчыны, кожны работнік дакладна разумее: уборка кукурузы – справа важная і адказная.
– Галоўнае – строга выконваць тэхналагічныя рэгламенты і працоўную дысцыпліну. А з гэтым у нас поўны парадак – да працэсу нарыхтоўкі мы падыходзім рацыянальна і з розумам, – падкрэсліў у час размовы ўпраўляючы.
На сённяшні дзень на сілас убрана 170 гектараў пасяўных плошчаў, уборку яшчэ 550 плануем завяршыць да канца жніўня. Сярэдняя ўраджайнасць складае 250-270 цэнтнераў з гектара.
Накіроўваемся ва ўрочышча Клёваніца, каб паназіраць за ходам нарыхтоўкі кармоў. Пакуль едзем да палетка, працягваем размову.
– Кукурузнае зерне ў стане васковай спеласці мае найвышэйшую пажыўнасць, што найбольш карысна для жывёлы, – дадае суразмоўца. – Цяпер галоўнае – атрымаць корм высокай якасці. Таму гатоўнасць зерня правяраю асабіста.
На палетку кіпіць работа: на ўборцы задзейнічана 3 адзінкі тэхнікі, на адвозцы – 8. З улікам таго, што палетак знаходзіцца недалёка ад сіласнай ямы, гэтай колькасці дастаткова.
Да камбайна спяшаецца МАЗ, якім кіруе Яўген Піскун. Просім мужчыну прыпыніцца і пачынаем размову. Высвятляем, што мужчына зусім нядаўна быў старэйшым камбайнерам на жніве і патрапіў у спісы перадавікоў-тысячнікаў, намалаціўшы са сваім памочнікам Фёдарам Марціновічам 1054 тоны збожжа. Па прашэсці некалькіх дзён механізатар перасеў на машыну і зараз заняты на адвозцы зялёнай масы і па-ранейшаму імкнецца быць сярод лідараў.
Яўген з мясцовых. Закончыў школу і застаўся працаваць у гаспадарцы, працягнуўшы тым самым сямейную дынастыю, – бацька таксама працаваў механізатарам. У роднай вёсцы пусціў карані і наш герой: ажаніўся, з жонкай Вольгай гадуюць траіх дзетак. І ўсё ў іх ладзіцца, усё радуе: любімая работа, годны заробак, паслухмяныя дзеткі. Трымаюць і гаспадарку, усё ў лепшых традыцыях: кароўка, свінні, куры. На пытанне – ці не цяжка, як усё паспяваеце, сціпла адказвае: калі справа па душы, то яна ладзіцца, ды і дзеці дапамагаюць. Старэйшаму сыну – 15, дочкам – 13 і 7 гадоў – сама памочнікі. Усміхаецца. Вёска павінна жыць, упэўнены суразмоўца, і ён, у сваю чаргу, робіць дзеля гэтага нямала.
На працягу гадзіны малады мужчына паспеў зрабіць тры рэйсы. У кузаў МАЗа змяшчаецца прыкладна 12 тон зялёнай масы.
– Гэта поле засеялі адным з першых, таму тут зялёны корм нарыхтоўваем у першую чаргу. Бачыце, кукуруза ўжо падсыхае. Каб культура не страціла свае пажыўныя рэчывы, яе трэба аператыўна ўбраць. Пасля гэтага зоймемся кукурузай на зерне. Калі завершым працы ў палях, будзем ставіць тэхніку на захоўванне. Адным словам, да самай зімы ёсць чым займацца.
Самы гарачы сезон, вядома, – уборка збожжавых, і яна паспяхова скончылася. З кукурузай, вядома, прасцей. Дождж прайшоў, яна высахла і далей можна працаваць, а не чакаць дзень-два, як зерне. Думаю, з кукурузай справімся за месяц-паўтара. Пакуль што працуем без выходных. Вось скончым з “царыцай палёў”, тады, думаю, зможам адпачыць.
Вопытны вадзіцель сваю работу ведае дасканала і яго машына павольна рухаецца разам з камбайнам. Яўген раз-пораз пазірае ў люстэрка задняга віду, кантралюючы ўвесь працэс загрузкі масы. Уважліва глядзіць, ці паспявае за ім кормаўборачны камбайн, каб зялёная маса роўна падала ў кузаў. Праехаўшы па полі метраў 400, кузаў машыны запоўніўся. Кіроўца цісне на педаль газу і праз некалькі хвілін ужо выгружае масу ў траншэю.
Уся зялёная маса, атрыманая на кукурузных палетках, адразу ж адпраўляецца ў спецыяльна абсталяваныя сянажна-сіласныя траншэі.
На момант нашага візіту, у вялаўскім аддзяленні закладвалі ўжо трэцюю сіласную траншэю. Яны размешчаны прама на малочнатаварным комплексе, што дазваляе эканоміць не толькі паліва, але і час. Такі рацыянальны падыход да справы дае магчымасць своечасова на працягу зімова-стойлавага перыяду забяспечваць сакавітымі кармамі пагалоўе.
Цяпер, па словах упраўляючага аддзяленнем “Вялаўск” для сельскіх працаўнікоў галоўнае – спрыяльнае надвор’е, а яны, у сваю чаргу, гатовыя нястомна працаваць, нарыхтоўваючы якасныя кармы.

Працоўныя будні на зарэчных палетках

Працоўныя будні на зарэчных палетках

Працоўныя будні на зарэчных палетках

Працоўныя будні на зарэчных палетках

Працоўныя будні на зарэчных палетках

Працоўныя будні на зарэчных палетках

 

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о