У апошні час мы знаёмім вас, паважаныя чытачы, з героямі жніва. Яно і не дзіўна: хлебаробы штодня шчыруюць на палетках, забяспечваючы харчовую бяспеку краіны. Але, згадзіцеся, не толькі прадукцыяй раслінаводчай галіны багатыя нашыя сталы, добрую рэпутацыі заслужылі мясныя і малочныя тавары як сярод айчынных спажыўцоў, так і на замежных рынках. З гэтай нагоды не варта, нават у час жніва, забывацца пра нашых жывёлаводаў, бо яны таксама, не ведаючы стомы, штодзённа працуюць, бо жывёла, як вядома, выхадных не ведае.
Адна з годных прадстаўнікоў гэтай нялёгкай прафесіі – Жанна Аўдзеева, што працуе аператарам машыннага даення ў ААТ “Агра-Ляскавічы” вось ужо 13 гадоў. Кіраўніцтва характарызуе Жанну Мікалаеўну як адказнага, працавітага спецыяліста з багатым вопытам і высокім майстэрствам у выкананні сваіх працоўных абавязкаў.
Штогод вытворчыя паказчыкі аператара машыннага даення растуць. Так, за мінулы год яна надаіла ў агульнай масе 608 тысяч 579 кілаграм малака, што на 99 тысяч 562 кілаграмы больш у параўнанні з паказчыкам 2022 года. Сярэдні надой на карову склаў 5 тысяч 530 кілаграмаў, што дабавіла да пазамінулага выніку 903 кілаграмы, а агульны прырост склаў 119,6 %. Што тычыцца якасці малака, то 99,4 % ад агульнага надою здаецца вышэйшым гатункам ці гатункам “Экстра”.
Жанчына ў адказ на гэтыя лічбы шчыра ўсміхаецца і паціскае плячыма, маўляў, ніякага сакрэту шчырай працы не існуе. “Галоўнае пачуццё, без якога не павінен абыходзіцца жывёлавод – любоў да жывёлы. Любая істота патрабуе належнага абыходжання: пільнасці, клопату, пяшчоты. Уласна ў мяне так з дзяцінства павялося: бацькі таксама працавалі жывёлаводамі ў гэтым сельгаспрадпрыемстве ды і сям’я наша мела не малую гаспадарку. Таму з малых гадоў усе вясковыя дзеці былі звыклыя да працы і дапамогі бацькам. Вядома, і з скацінай упраўляцца ўмелі”, – згадвае Жанна Аўдзеева.
Суразмоўца адзначае, што хлеб жывёлавода, вядома, не лёгкі. Трэба мець моц і вытрымку, каб уставаць каля 4-ай гадзіны раніцы, вяртацца дадому позна ўвечары, а ў перапынках паміж дойкамі знаходзіць сілы для хатніх клопатаў. “У астатнім добрая праца і годныя паказчыкі забяспечваецца дысцыплінай і выкананнем тэхналагічных патрабаванняў. Вядома, шмат чаго залежыць ад калектыву, але тут у нас склаліся добразычлівыя адносіны: кіраўніцтва з намі заўсёды на сувязі – унікае ў стан спраў, дапамагае, калі ёсць у гэтым патрэба, ветэрынарная служба заўсёды пільнуе жывёлу, таму з тэрміновай прафілактыкай і дапамогай скаціне праблем не ўзнікае. Працаўнікі дапамагаюць адзін аднаму, бо, па вялікім рахунку, усе працуем на агульны вынік.
Мне мая работа прыносіць задавальненне. Ведаеце, неяк нават спакой часам адчуваеш, калі зноў прыходзіш да сваіх рагуль і добра на душы становіцца, калі разумееш, што яны цябе таксама чакаюць, што ты ім патрэбная. Іншы раз, у час дойкі, я і заспяваць магу для сваіх буронак. Так прасцей спраўляцца з работаю, ды і весялей працаваць”.
Па словах Жанны Мікалаеўны, сілы надае і малая радзіма. Бо ў іншай сферы дзейнасці ўсвядоміць сваё месца можна – за гады жыцця давялося папрацаваць і ў лясной галіне, і ў гандлёвай – але вось уявіць сябе ў іншым краі складана. “Вядома, у гады маладосці я не ведала, як складзецца лёс, але зараз дакладна магу адказаць, што ў горад я б перабірацца не пажадала. Тут мая зямля, тут жылі мае бацькі і жывуць мае дзеці”, – адзначыла жанчына.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий