У сельскай гаспадарцы добры аператар па штучным асемяненні жывёл шануецца на вагу золата. На першы погляд, праца такога спецыяліста застаецца “за кадрам”, але ад паспяховасці яе выканання напрамую залежаць прырост пагалоўя буйной рагатай жывёлы і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці малака.
У ААТ “Пціч-Агра” працуе аператарам па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы Ірына Русакова, якая не раз пацвярджала на справе свой прафесіяналізм. Ірына Уладзіміраўна, прызнаецца, што пасля заканчэння роднай Пціцкай школы, выбрала прафесію, якая не мала нічога агульнага з сельскай гаспадаркай – “Партны. Цырульнік”.
– Відаць, ад лёсу не ўцячэш. Пасля атрымання сярэднеспецыяльнай адукацыі ў адным з Гомельскіх вучылішч, вярнулася дадому ў Пціч – не змагла прывыкнуць да жыцця ў вялікім горадзе, ды і матулі патрэбна была мая дапамога, – дзеліцца гераіня. – Працаваць пайшла ў сельскую гаспадарку пастухом – на той час была толькі адна дадзеная вакансія, потым вызвалілася месца даяркі. Ішоў 2009 год. Ветэрынарам у сельгасарганізацыі тады працавала Таццяна Уладзіміраўна Герасіменка, усімі паважаная працаўніца з вялікім стажам, якая, здаецца, пра жывёл ведала ўсё. Яна і пачала мяне вучыць штучнаму асемяненню жывёл.
Гераіня ўспамінае: з вопытным настаўнікам хутка ўцягнулася ў справу, пачала праводзіць апладненне жывёл самастойна. За першы месяц працы выхад быў 98 %. Такія старанні былі заўважаны і праз год ёй прапанавалі прайсці навучанне ў Рэчыцкім аграрным каледжы па спецыяльнасці “Тэхнік асеменатар. Брыгадзір”. Маладая жанчына згадзілася і паспяхова засвоіла тэарэтычныя веды.
Ірына Уладзіміраўна адзначае, што дробязяў у яе справе не бывае: “Тут важна ўсё: тэхніка асемянення, атрыманне і захоўванне матэрыялу, здароўе жывёл, выяўленне кароў у ахвоце. Выпусціў хоць штосьці з поля зроку ці зрабіў няправільна – гэта абавязкова адаб’ецца на агульным выніку”.
Сёння ў поле зроку гераіні 320 кароў на МТФ «Пціч», 608 – на МТК «Рог». У сярэднім за месяц спецыяліст праводзіць каля сарака працэдур штучнага асемянення. Для таго, каб дасягнуць поспеху, жанчына імкнецца выканаць сваю працу на высокім узроўні.
Размова зайшла і пра асабістае. Шчаслівай гераіню робяць яе дзве дачкі: старэйшая – студэнтка Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта, малодшая – навучэнка мясцовай школы. Прызнаецца: у жыцці былі розныя перыяды, поўныя радасцяў і складанасцей, мар і расчараванняў. Але нягле-дзячы ні на што зямлячка жыве поўным жыццём, нясе радасць блізкім, падтрымку калегам. Усё робіць гэтая абаяльная працавітая жанчына з душой, таму і цягнуцца да яе людзі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий