Пра таленавітых людзей звычайна гавораць: “У яго руках усё гарыць, за што б ён ні ўзяўся”. Менавіта такой фразай можна ахарактарызаваць нашага сённяшняга героя.

Прафесіянал у сваёй справе

Антон Голік – настаўнік працоўнага навучання ў ДУА “Брынёўская сярэдняя школа”. Будучы вучнем гэтай жа школы, заўсёды майстраваў, ствараў цудоўныя вырабы, з драўнінай быў, як гавораць, на “ты”. Ужо з тых часоў было заўважна, што ў яго сапраўдны талент. З радасцю прымаў удзел юнак у розных творчых конкурсах, наведваў алімпіяды, дзе паказваў цудоўныя вынікі, за кароткі прамежак часу мог зладзіць выраб любой ступені складанасці. Дарэчы, Антон Голік з’яўляўся першым пераможцам абласнога этапа прадметнай алімпіяды па працоўным навучанні ў роднай школе. Усе гэтыя дасягненні і заслуга настаўніка – Аляксандра Пятровіча Дзекаўца, які сваім прыкладам прывіў вучню любоў да мастацтва.

Да прафесіі настаўніка малады чалавек прыйшоў не адразу, паспрабаваў сябе і ў лясной гаспадарцы, але сваё прызванне знайшоў менавіта тут, у роднай школе. Зараз настаўнік перадае назапашаны вопыт маладому пакаленню: вучыць рабіць з некалькіх дэталек сапраўдныя шэдэўры, рыхтуе хлопчыкаў да алімпіяд, дзеліцца ведамі і з настаўнікамі іншых школ на семінарах, паказвае, як можна выклікаць інтарэс у вучняў на ўроках працоўнага навучання.

Прафесіянал у сваёй справе

Прызавых месцаў у капілцы Антона Антонавіча вялікая колькасць, адно з апошніх – дыплом 3-й ступені ў рэспубліканскім конкурсе творчых работ, прысвечаных Году якасці. Вынікі конкурсу падведзены на мінулым тыдні на базе Акадэміі навук. Дарэчы, у конкурсе прымалі ўдзел каля 700 чалавек, людзі рознага ўзросту, узроўню адукацыі. Работа Антона Антонавіча “Мастацтва сваімі рукамі” (пра дзейнасць гуртка “Умелыя рукі”) у намінацыі “Гуманітарныя навукі – Году якасці” была прызнана адной з лепшых. Лаўрэатамі і фіналістамі прызнаны больш за 200 удзельнікаў.  “Для мяне ўдзел у конкурсе – добрая магчымасць паказаць сябе, свой талент”, – падзяліўся з намі суразмоўца.

Антон Антонавіч з’яўляецца і пераможцам абласнога этапа Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЕлка” 2024 года ў намінацыі “Елка Перамогі”.

– У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў я вырашыў нагадаць землякам пра легендарную зброю – вінтоўку Мосіна, якая заслужана можа насіць назву “Зброя Перамогі”, – агучыў думку настаўнік. – Мая елка – спроба яшчэ раз нагадаць пра Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і пра тое, які ўсё ж такі моцны наш народ.

Напэўна, для любога настаўніка вышэйшай заслугай за яго нялёгкую працу становяцца вучні, якія з захапленнем пераймаюць вопыт і імкнуцца да дасягнення новых вяршынь. Зараз Антон Антонавіч прывівае любоў да мастацтва і сваім навучэнцам, якія ўжо паказваюць годныя вынікі як у раёне, так і ў вобласці.

Поспехаў вам і далейшых перамог, паважаны Антон Антонавіч!

Анастасія КІСЕЛЕВА. Фота з архіва Антона Голіка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о