19 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень выратавальніка – свята тых, хто штодзённа стаіць на варце бяспекі, гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу.
Напярэдадні падзеі карэспандэнты “ПН” наведаліся ў Навасёлкаўскі аварыйна-выратавальны пост № 13, каб сустрэцца са старшым інструктарам-выратавальнікам Міхаілам Крукам, байцом, які служыць прыкладам прафесіяналізму, адданасці і дысцыплінаванасці ў сваёй прафесіі.

– Яшчэ ў школе я захапляўся спортам, быў фізічна падрыхтаваны, і мяне ўжо тады прыцягвала прафесія пажарнага, – пачынае размову Міхаіл Аляксандравіч. – Аднак, як часта бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы ў юнацкія мары. Пасля заканчэння Навасёлкаўскай сярэдняй школы пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку: на руках ужо было пасведчанне кіроўцы, атрыманае ў вучэбна-вытворчым камбінаце.
Пераломным момантам у жыцці Міхаіла Аляксандравіча стала служба ў войску. Армія – гэта школа жыцця, якая загартоўвае характар, вучыць дысцыпліне, адказнасці, узаемавыручцы і ўменню дзейнічаць у экстрэмальных умовах. Калі хлопец служыў у пагранічных войсках у Брэсце, у яго канчаткова сфарміравалася рашэнне стаць выратавальнікам.
– 4 студзеня 2011 года – мой першы працоўны дзень у Навасёлкаўскім аварыйна-выратавальным пасту ў якасці камандзіра аддзялення, – працягвае суразмоўца. – Наш пост, які налічвае 8 чалавек, як і іншыя падраздзяленні РАНС Петракаўшчыны, выконвае шырокі спектр задач. Асноўная – гэта, вядома, тушэнне пажараў і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый. У нашым полі зроку Залеская, Камаровіцкая, Грабаўская зоны. Пры неабходнасці выязджаем на дапамогу калегам з іншых падраздзяленняў раёна, а таксама Акцябрскага і Любанскага раёнаў. Акрамя ўсяго сказанага, мы цесна ўзаемадзейнічаем з мясцовымі органамі ўлады, праводзім прафілактычную работу з насельніцтвам, навучаем правілам бяспекі падрастаючае пакаленне.
Міхаіл Аляксандравіч дзеліцца: праца выратавальніка – гэта пастаянны выклік.
Кожны выезд – новая сітуацыя, якая патрабуе хуткага прыняцця рашэнняў, прафесіяналізму і вытрымкі.

– З усімі задачамі спраўляемся разам. Скажу шчыра: з калектывам мне пашанцавала. Байцы ўсе арганізаваныя, хутка рэагуюць на надзвычайную сітуацыю, у калектыве адчуваецца падтрымка і разуменне. На пасту заўсёды напагатове дзве адзінкі тэхнікі, – адзначае старшы інструктар. – Што немалаважна – кіраўніцтва службы клапоціцца пра сваіх работнікаў. На пасту створаны ўсе неабходныя ўмовы для працы і адпачынку: пасля рабочых выездаў бытавыя ўмовы не менш важныя, чым сама праца.
У нялёгкай справе для майго героя немалаважным з’яўляецца веданне, што дома чакае любячая сям’я. Жонка Таццяна – на-дзейная спадарожніца жыцця, якая разумее і падтрымлівае свайго мужа. Іх знаёмства пачалося яшчэ са школьнага часу, і з таго моманту яны разам ідуць па жыцці, раздзяляючы радасці і цяжкасці.
Асаблівую ўвагу заслугоўвае іх сын Антон. Справа ў тым, што адзінаццацікласнік стварыў у TikTok свой канал “МНС праз мае вочы”, дзе расказвае пра службу работнікаў МНС і мае ўжо больш за тысячу падпісчыкаў.
Юны блогер, наведваючы Навасёлкаўскі пост, паказвае рэальныя будні выратавальнікаў, з духам каманды і адданасцю справе. Кантэнт дапамагае маладым людзям лепш зразумець важнасць і складанасць працы выратавальнікаў.
Антон не проста расказвае пра працу бацькі, ён марыць стаць, як і той, выратавальнікам. І няхай яго мара збудзецца, бо насіць форму пажарнага – сапраўдны гонар.
– Напярэдадні прафесійнага свята жадаю ўсім сваім калегам моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, аптымізму і поспехаў у нашай справе – абароне жыцця людзей ад надзвычайных сітуацый, – адзначыў Міхаіл Крук.
Рэдакцыя “Петрыкаўскіх навін” далучаецца да віншаванняў. Сямейнага дабрабыту і бадзёрасці духу, вам, шаноўныя!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.






Оставить комментарий