Сёлета прайшоў штогадовы рэспубліканскі конкурс “SUPER-профі – 2025”. Наша зямлячка Марыя Шамра, акушэрка акушэрска-гінекалагічнага кабінета Петрыкаўскай ЦРБ, увайшла ў лік пераможцаў абласнога этапу конкурсу “SUPER-профі – 2025” і годна прадставіла Гомельшчыну на заключным рэспубліканскім этапе конкурсу, пацвердзіўшы свой прафесіяналізм і адданасць абранай справе. Але шлях да гэтага поспеху быў не менш займальным.
Марыя першапачаткова бачыла сваю будучыню ў сферы культуры. Яна паспяхова скончыла сярэднюю школу №1 у родным Петрыкаве і планавала паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Аднак, лёс распарадзіўся інакш. Усяго за некалькі месяцаў да паступлення, дзякуючы падтрымцы і мудрай парадзе матулі, Марыя перагледзела свае планы. Гэтае рашэнне, як яна прызнаецца, стала адным з самых правільных у яе жыцці.
У 2021 годзе Марыя паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж. Першы час вучобы быў няпростым, але тры гады напоўненыя новымі ведамі і навыкамі, праляцелі непрыкметна.
Пасля заканчэння каледжа малады спецыяліст была размеркавана ў Петрыкаўскую ЦРБ. Дзяўчына шчыра дзеліцца сваімі ўражаннямі пра першае працоўнае месца.
– У нас малады і вельмі згуртаваны калектыў, у якім пануе паразуменне. Мне падабаецца мая праца, зносіны з людзьмі, і асабліва тое, што магу дапамагчы жаночай палове Петрыкаўшчыны. Лічу сваю прафесію самай высакароднай і з цеплынёй успамінаю практыку ў радзільнай зале. Ты сустракаеш маленькага чалавечка, у тваіх руках ён робіць свой першы ўдых… Гэта ні з чым не параўнаецца! Сумую па гэтым практычным боку сваёй работы, таму што там душа жанчыны, зносіны. Гэтага часам так не хапае, – распавядае акушэрка.
Менавіта гэтае шчырае жаданне дапамагаць і клапаціцца пра іншых стала рухаючай сілай яе ўдзелу ў конкурсе.
«SUPER-профі» стаў для Марыі магчымасцю праявіць сябе. Ініцыятарам яе ўдзелу на раённым этапе стаў намеснік галоўнага ўрача Петрыкаўскай ЦРБ Ілья Абель. Доўга не разважаючы, дзяўчына пагадзілася. Нягледзячы на сціслыя тэрміны падрыхтоўкі, Марыя справілася бліскуча, заняўшы ганаровае 3-е месца на раённым этапе конкурса. Аднак сапраўдны трыумф чакаў яе на абласным этапе. У завочнай форме, дзе ацэньваліся відэаролікі ўдзельнікаў, менавіта відэа Марыі было выбрана для далейшага ўдзелу на рэспубліканскім узроўні.
– Удзел у гэтым конкурсе – гэта сапраўды вялікі вопыт, які прынёс мне мноства станоўчых эмоцый, – дзеліцца Марыя. – Яшчэ хачу сказаць вялікі дзякуй усім землякам, якія падтрымлівалі мяне ў сацыяльных сетках. Сотні лайкаў, рэпостаў, паведамленняў! Вялікі дзякуй усім за падтрымку. Асаблівая падзяка мужу Сяргею, які аказваў неацэнную дапамогу на ўсіх этапах конкурса. Нашы агульныя інтарэсы і лёгкасць ва ўвасабленні сумесных ідэй сталі залогам поспеху, – дзеліцца суразмоўца.
Марыя прызналася, што ўдзелу ў конкурсе дапамагло і тое, што яна займаецца танцамі. З дзяцінства гэтае захапленне з’яўляецца яе вялікай любоўю і аддушынай.
У завяршэнні нашай гутаркі Марыя пажадала ўсім маладым спецыялістам смелых ідэй, яркіх дасягненняў і веры ў сябе.
– Мы – маладое пакаленне, і ў нашых руках будучыня.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий