Іван Максімавіч Міцура ўраджэнец вёскі Міцуры. Скончыў Конкавіцкую земскую пачатковую школу, шмат займаўся самаадукацыяй. У вёсцы быў асобай значнай: самы пісьменны чалавек, першы камсамолец, першы камуніст, патрыёт. Перад пачаткам вайны займаў пасаду старшыні мясцовага сельвыканкама. Мабілізаваў усіх ваенна-абавязаных у Чырвоную Армію, эвакуіраваў калгасных жывёл, а сам быў прызначаны райваенакаматам старэйшым групы ваеннаабавязаных, якія былі на брані. Быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе па закліку партыі быў накіраваны ў тыл ворага па месцы жыхарства. Праз надзейных людзей з уласцівай яму асцярожнасцю арганізаваў з мясцовага насельніцтва баявую групу з дваццаці чалавек. У партызанскім атрадзе, які дзейнічаў тады каля вёскі Дзявятае Любанскага раёна, Іван Максімавіч кіраваў групай падрыўнікоў, якія пусцілі пад адхон два варожыя эшалоны. У пачатку 1943 года партызанскі атрад далучыўся да атрада імя Сільніцкага 25 брыгады імя Панамарэнкі Мінскага злучэння і ўліліся да часцей Чырвонай Арміі і пайшлі на фронт, дзе ваявалі да дня Перамогі.
Пасля вайны Іван Максімавіч працаваў старшынёй калгаса. Як кіраўнік, былы франтавік падыходзіў з высокай патрабавальнасцю да сябе і падначаленых, абіраўся дэпутатам Петрыкаўскага райсавета. Ён шмат разоў выступаў перад вучнямі і настаўнікамі мясцовай школы з успамінамі пра свае франтавыя шляхі-дарогі і слухаць аратара было заўсёды цікава і пазнавальна.
Меў узнагароды: “Медаль партызану Айчыннай войны I ступені”, “За адвагу”. Пахаваны ў вёсцы Дзявятае Любанскага раёна, там, дзе партызаніў.
Оставить комментарий