У межах адзінага дня інфармавання насельніцтва старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў сустрэўся з жыхарамі Бабуніцкага сельскага Савета.
Напачатку сустрэчы начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Блінец праінфармавала прысутных па галоўнай тэме адзінага дня інфармавання – “Мы разам назаўсёды: да 85-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР”.
Аляксандр Аляксандравіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, адзначыў, што гістарычны шлях, які прайшоў наш народ да ўз’яднання, патрабуе ад нас, нашчадкаў, беражлівага стаўлення да заваяваных каштоўнасцяў: суверэнітэту, мірнага жыцця і стабільнага эканамічнага развіцця краіны.
– Толькі разам, аб’яднаўшы нашыя намаганні дзеля росквіту роднай Беларусі, умацавання агульнага дабрабыту, мы і надалей будзем жыць у шчаслівай мірнай дзяржаве. Сёння кожны з нас у адказе за будучыню краіны, – пазначыў у час выступлення кіраўнік раёна.
Сустрэча старшыні райвыканкама з насельніцтвам Бабуніцкага сельскага Савета працягнулася абмеркаваннем надзённых і хвалюючых насельніцтва пытанняў.
Так, у час сустрэчы былі закрануты тэмы медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання, якасці пітной вады, добраўпарадкавання і навядзення парадку на тэрыторыі савета, перспектыў сельгаспрадпрыемства КСУП “Запаветы Ільіча” і іншыя.
На некаторыя пытанні адказы былі дадзены ў час сустрэчы, іншыя – узятыя на кантроль.
Так, што датычыцца медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання, прысутныя на сустрэчы адказныя спецыялісты запэўнілі, што ўсе агучаныя насельніцтвам хвалюючыя пытанні будуць улічаны і, адпаведна, унесены карэкцівы ў графік работы ўчастковага тэрапеўта і асартымент тавараў гандлёвага аб’екта.
Па пытанні добаўпарадкавання і навядзення парадку былі дадзены тлумачэнні кіраўніком раёна.
– Шэраг агучаных вамі момантаў – персанальная зона адказнасці гаспадароў падворкаў, агульныя тэрыторыі – так, гэта клопат мясцовай улады. Што да пустуючых домаўладанняў, асабліва знішчаных пажарам, – будзем разбірацца, – пазначыў старшыня райвыканкама.
Па пытанні якасці вады ў аграгарадку начальнік участка вадаканала Сяргей Кабановіч праінфармаваў: праект па рэканструкцыі станцыі абезжалезвання будзе рэалізаваны у 2025 годзе.
Падводзячы вынікі сустрэчы з насельніцтвам Бабуніцкага Савета, Аляксандр Верамееў звярнуў увагу прысутных на тое, што ўсе пытанні могуць і павінны вырашацца на месцах і прызваў удзельнікаў сустрэчы актыўней узаемадзейнічаць з мясцовай уладай.
– У нашай краіне, як неаднаразова пазначаў Прэзідэнт, улада для народа і кожны кіраўнік на сваім месцы абавязаны чуць чалавека і па магчымасці імкнуцца аказаць яму дапамогу.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий