Традыцыйна з пачаткам чарговага года мы пачынаем падводзіць вынікі года мінулага. Людзей цікавяць эканамічныя паказчыкі, прымнажэнне дабрабыту, рост вытворчасці. На гэтым фоне мала хто задумваецца пра работу праваахоўнікаў, бо спакой і бяспека сталі для соцыуму з’явамі звыклымі і суайчыннікі ведаюць: супрацоўнікі органаў унутраных спраў гатовыя аператыўна справіцца з любымі выклікамі і пагрозамі грамадству.
Днямі мы пагутарылі з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнікам Аркадзем Масійчуком, каб даведацца: як спрацавалі петрыкаўскія міліцыянеры ў 2023 годзе?
– Аркадзь Мікалаевіч, як бы вы ўвогуле ахарактарызавалі работу райадзела ўнутраных спраў за мінулы год?
– Перш за ўсё трэба адзначаць, што па выніках 2023 года аператыўная абстаноўка заставалася стабільнай і кантралюемай. Галоўнае, што нам удалося забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку грамадзян – гэта тычыцца ў першую чаргу масавых мерапрыемстваў, з нагоды дзяржаўных святаў, а таксама святкавання 500-годдзя горада.
Летась не дапушчана здзяйснення надзвычайных здарэнняў: забойстваў, гвалтавання, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбояў. Назіраецца зніжэнне зарэгістраваных крадзяжоў, грабяжоў, злачынстваў, якія былі здзейснены ў грамадскіх месцах, а таксама ў стане алкагольнага ап’янення і асобамі, што маюць судзімасць.
– Ці ёсць паказчыкі, на якія нашым праваахоўнікам трэба звярнуць пільную ўвагу?
– Безумоўна, ёсць напрамкі, дзе нам трэба яшчэ плённа працаваць, бо ўвогуле крымінагенная абстаноўка на тэрыторыі Петрыкаўшчыны адзначана ўзрастаннем агульнай колькасці злачынстваў з 222-х у 2022 годзе, да 270-ці ў годзе мінулым. Узровень злачыннасці на тэрыторыі раёна ў пераліку на 10 тысяч чалавек, па лініі ўсіх службаў, склаў 103,6 злачынстваў, у пазамінулым годзе гэты паказчык быў значна ніжэйшым – 83,5 злачынствы. Гэта вышэй і сярэднеабласнога выніку за 2023 год, які склаў 98,9 злачынстваў.
– Атрымліваецца, што колькасць цяжкіх злачынстваў зменшылася, а агульны паказчык узрос. З-за якіх незаконных дзеянняў грамадзян гэта адбылося?
– Больш у мінулым годзе было зарэгістравана хуліганстваў, крадзяжоў з домаўладанняў, угонаў, злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і, відавочна, выпадкаў махлярства. Увогуле, за адзначаны перыяд супрацоўнікі міліцыі адрэагавалі на 660 заяў і паведамленняў аб злачынствах.
Што тычыцца напрамку наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, то тут колькасць злачынстваў засталася нязменнай, і ў 2022, і ў 2023 годзе выяўлена па 14 злачынстваў. А вось злачынстваў эканамічнага характару стала меней, летась іх было зарэгістравана 11, а ў пазамінулым годзе 13. Дадам, што нашыя супрацоўнікі паказалі другі вынік у вобласці па лініі барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.
Менш зарэгістравана на тэрыторыі раёна і ДТЗ, гэты паказчык знізіўся з 9 да 7. Акрамя гэтага ў 2022 годзе дарожна-транспартных здарэнняў з смяротным зыходам было пяць, а летась – два.
– Вядома, што бяспека – справа агульная. Якія б парады вы далі чытачам, каб абстаноўка на Петрыкаўшчыне заставалася спакойнай.
– Ніколі не варта страчваць пільнасці. Гэта адносіцца да ўсіх праяў нашага жыцця. Здаецца, кожны сучасны чалавек добра знаёмы з правіламі маёмаснай бяспекі, варта толькі заўсёды выконваць іх. Акрамя гэтага, некаторых здарэнняў можна пазбегнуць, калі грамадзяне будуць адказна ставіцца да сваёй магчымасці прысячэння патэнцыяльных правапарушэнняў: гэта тычыцца дывіянтных паводзін навакольных ці падазроных невядомых асоб. Словам, калі вы ведаеце, што ў нейкай сям’і адбываецца гвалт, ці становіцеся відавочцам, як нехта мае намер сесці за руль у нецвярозым стане – праявіце грамадзянскую пазіцыю і паведаміце пра гэта ў міліцыю. Такім чынам вы зможаце захаваць здароўе і нават жыццё грамадзян.
Ну і канешне, асабліва востра перад грамадствам стаіць пытанне кібермахлярства. У чарговы раз нагадваем, што калі вам тэлефануе асоба, што прадстаўляецца спецыялістам банка ці супрацоўнікам міліцыі, расказвае пра падазроную дзейнасць на вашым рахунку і прапануе перавесці грошы не іншы, нібы абаронены рахунак, для чаго просіць паведаміць рэквізіты карткі і СМС ад фінансавай установы – трэба неадкладна завяршыць званок і патэлефанаваць у банк па афіцыйным нумары тэлефона, пазначаным на картцы, ці ў міліцыю для ўдакладнення сітуацыі.
Калі блізкі чалавек просіць вас праз паведамленне ў сацыяльных сетках скарыстацца вашым рахункам, бо ён страціў сваю картку ці ў яе скончыўся тэрмін дзеяння, ці калі знаёмы просіць грошы, бо плануе здзейсніць істотны набытак ці трапіў у бяду – патэлефануйце гэтаму чалавеку асабіста, бо хутчэй за ўсё яго старонку ўзламалі махляры.
Асабліва ўважлівымі трэба быць, калі вы прапануеце ці набываеце нешта праз інтэрнэт. Знаходзяцца кліенты, што жадаюць разлічыцца за тавар праз махлярскі інтэрнэт-сэрвіс, які вельмі падобны на афіцыйны інтэрнэт-банкінг. Праходзячы па спасылцы ці QR-кодзе, пакінуўшы свае логін і пароль у гэтым сэрвісе, адбываецца доступ да вашага рахунку і крадзеж грошай. Часам злачынцы прапануюць усталяваць на смартфон асобную “разліковую сістэму” для зручнага пераводу грошай. Адзін з такіх небяспечных мабільных дадаткаў – “AnyDesk”, ніколі не карыстайцеся гэтым махлярскім сэрвісам.
Прымусіць перайсці вас па шкодным спасылкам інтэрнэт-злодзеі могуць пад спакуслівым выглядам акцыі, латарэі ці розыгрышу з каштоўнымі прызамі ад вядомых кампаній. Абвяшчаючы вас пераможцам, толькі і трэба ўвесці рэквізіты сваёй карткі, нібыта для пералічэння сумы выйгрышу ці для аплаты падатку альбо іншых паслуг. Вынік такой “латарэі” – страчаныя грошы.
Сярод новых відаў махлярства падобнага тыпу ў Расіі распаўсюджваецца рассылка электронных лістоў пра запазычанасць па аплаце камунальных паслуг ці штрафу са спасылкай на нібыта плацежную сістэму. У выніку пераходу па спасылцы махлярскі рэсурс таксама крадзе вашыя рэквізіты карткі і грошы з рахунку. Таму мы настойліва прапануем заўсёды правяраць інфармацыю ў правераных крыніцах: на афіцыйных сайтах і па нумарах тэлефонаў.
Людзям, якіх прываблівае такі злачынны від заробку грошай, варта ведаць, што згодна з артыкулам 209 Крымінальнага кодэкса, махлярства можа быць пакарана пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Здзяйсненне злачынства паўторна, ці групай асоб – да чатырох гадоў, у асабліва буйным памеры – ад двух да сямі гадоў. А калі махлярства здзейснена арганізаванай групай асоб ці ў асабліва буйным памеры, пакаранне можа дасягаць ад трох да дзесяці гадоў з накладаннем штрафа, – засяродзіў увагу начальнік РАУС.
Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий