Не так даўно мне давялося прысутнічаць на выязной нарадзе на базе Капцэвіцкага сельскага Савета. У час мерапрыемства ад кіраўнікоў мясцовых устаноў гучала шмат слоў удзячнасці за аказанне садзейнічання ў вырашэнні пытанняў намесніку дырэктара Капцэвіцкага Дома-інтэрната Таццяне Шабалтас. Таццяна Аляксандраўна – дэпутат раённага Савета дэпутаў і па сваіх грамадскіх абавязках мае цесную сувязь з насельніцтвам. Са слоў жыхароў пасёлка: прадстаўніца дэпутацкага корпусу прытрымліваецца прынцыпу: замест слоў – асабісты прыклад. Мы сустрэліся з гераіняй, каб пагаварыць, як жанчыне ўдаецца знаходзіць паразуменне з выбаршчыкамі.
– Усё, што адбываецца ў Капцэвічах, мне не абыякава. На маю думку, утульнасць, камфорт, добрыя адносіны паміж вяскоўцамі ў першую чаргу залежаць ад кожнага жыхара, – пачала суразмоўца. – Жыць, працаваць у населеным пункце, значыць, быць заўсёды на віду і работа бачная як на далоні, а ацэньваецца за канкрэтныя дзеянні і ўчынкі. Таму ўзяла за аснову: абяцаць землякам выканаць тую просьбу, у вырашэнні якой упэўнена.
Паводле слоў Таццяны Аляксандраўны, сустрэчы з насельніцтвам – лепшая магчымасць даведацца, абмеркаваць, запланаваць. Напрыклад, у Доме-інтэрнаце, дзе працуе 196 чалавек, прадуктыўна праходзяць Дні інфармавання. Жанчына актыўны ўдзельнік бацькоўскіх сходаў у мясцовай школе, патрэбы якой ёй добра вядомыя – сама дваццаць пяць гадоў аддала педагагічнай дзейнасці. Абмеркаваць з сяльчанамі розныя моманты можна на сельскіх сходах. На ўсе такія сустрэчы запрашаюцца прадстаўнікі ўлады, прафілактыкі, раённых службаў. Пытанні вырашаюцца, улічваючы інтарэсы людзей, іх магчымасці.
Так было з вырашэннем сітуацыі, якая ўзнікла на мясцовых грамадскіх могілках: жук караед паразіў дрэвы, якія пачалі падаць на агароджы. Дэпутат выйшла з прапановай да насельніцтва самастойна справіцца з сітуацыяй. Жыхары ініцыятыву падтрымалі, сабралі неабходную суму для аплаты работы альпіністаў і добраўпарадкавалі святое для кожнага жыхара месца.
– Як знаходжу паразуменне з насельніцтвам? У першую чаргу, заслугоўваю давер сваім прыкладам. Калі суботнік – першая, вакцынацыя – тлумачу, вяду за сабой, патрабуецца дапамога – шукаю магчымасці, – дзеліцца суразмоўца. – Не заўсёды сваімі сіламі атрымліваецца дасягнуць выніку, тады іду да раённай улады, “стукаюся” ў дзверы кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Па другое – не варта людзям навязваць свой пункт гледжання. Нават, калі да цябе прыходзяць з нейкім негатывам, трэба аднесціся з разуменнем: ніхто лішняга не патрабуе, чалавек кажа пра набалелае. Патрэбна разам пасядзець, падумаць, прыйсці да кансэнсусу. Гэта як у сям’і, дзе ўсе розныя, але, калі любяць свой дом і паважаюць адзін аднаго, то і сям’я шчаслівая, усё ў іх атрымліваецца.
Таццяна Аляксандраўна лічыць, што ў кожнага чалавека павінна быць мара і мэта ўвасобіць яе ў жыццё: у гаспадара – па дому, дэпутата – па населенаму пункту. Ёсць такая і ў яе – спартыўная пляцоўка ў пасёлку для дзяцей, каб падрастаючае пакаленне бавіла час з карысцю. Ужо і ўчастак нагледзела неабходны, зараз вывучае магчымасць набыцця асноўнага спартыўнага абсталявання. А зрабіць лавачкі, турнікі, добраўпарадкаваць тэрыторыю – гэта ўжо мясцовымі сіламі. Жанчына ўпэўнена, што задума будзе падтрымана землякамі.
– Добрая справа жыве вечна і дае старт новым задумам, – лічыць дэпутат.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий