Праўда – наш шчыт. Памяць – наш меч

0
89

Яркае выступленне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на форуме “Вялікая спадчына — агульнае будучае” ў Валгаградзе актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве. Яно і зразумела: 17-хвілінная прамова нашага Прэзідэнта, кожнае яго слова знайшлі жывы водкук не толькі ў прысутных на мерапрыемстве. Сваім меркаванне дзеліцца настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Петрыкава” Жанна Парфіевіч.

– Словы Прэзідэнта пра нашу гістарычную памяць, пра тое, навошта нам трэба яе захоўваць і абараняць, мне, як настаўніку гісторыі, унучцы франтавіка і дачцэ дзяцей вайны вельмі блізкіяі. Я чалавек, які ў сілу сваёй прафесійнай дзейнасці, глыбока пагружаны ў тэму Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 30 гадоў я працую ў школе і тэма Другой сусветнай вайны, а разам з ёю і Вялікай Айчыннай – адна з маіх любімых.
Што да прамовы Прэзідэнта, то, па маім меркаванні, галоўным стала не канстатацыя гістарычных фактаў, а эмацыйны пасыл “праўда аб Вялікай Айчыннай вайне – наш шчыт”.
Адказам на выклікі і выпады нашых апанентаў з’яўляюцца словы: “Мы звяртаемся да гісторыі, каб абараніць не толькі будучыню, але і сучаснасць”. І гэта сапраўды так. Як неаднаразова адзначаў Кіраўнік дзяржавы, сёння ідзе змаганне за розумы, таму гісторыя павінна стаць і палітычнай зброяй і, калі хочаце, маральным арыенцірам для кожнага патрыёта сваёй краіны.
У выступленні Прэзідэнта адзначыла для сябе некалькі ключавых сэнсаў: Вялікая Перамога – гэта не прыватная ўласнасць якой-небудзь адной краіны, гэта агульны здабытак, які цэментуе адзінства брацкіх народаў. Памяць пра яе – важны элемент нацыянальнай ідэі, які аб’ядноўвае грамадства ў жаданні абараніць гістарычную праўду, а разам з ёю і нацыянальную ідэю.
Праз палымяную прамову лідара краіны, Беларусь, захоўваючы вернасць памяці і праўдзе, зноў нагадала свету: Вялікая Перамога – гэта не нагода для спрэчак, а аснова нашага адзінства, нашага гонару і нашай гістарычнай адказнасці.
Так, мы бачым, які паток інфармацыі штодня даводзіцца ўспрымаць кожнаму з нас, разумеем, як няпроста сёння школьнікам і студэнтам асвойваць вялізныя аб’ёмы ведаў. Але гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, і ў гэтым я цвёрда пераканана, – гэта той пастулат, які павінен ляжаць у аснове ўсяго. Для нашай рэспублікі захаванне гістарычнай памяці – гэта шлях захавання нацыі. Жахлівыя факты, выяўленыя ў выніку расследавання генацыду беларускага народа, таму найярчэйшы прыклад.
У сваёй прамове на форуме ў Валгаградзе Кіраўнік дзяржавы чарговы раз не проста падкрэсліў, а і вельмі выразна паказаў, што памяць пра Вялікую Айчынную вайну, гераізм і трагедыю ваенных падзей з’яўляецца галоўнай аб’ядноўваючай сілай для нашага грамадства. Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка агучыў абсалютна дакладны пасыл і фактычна падкрэсліў найстаражытную мудрасць: народ, які не ведае сваёй гісторыі, не мае будучыні:
“І калі, не дай бог, мы з вамі страцім нашу гістарычную памяць, калі мы ці нашы нашчадкі будзем ператварацца ў Іванаў, якія не памятаюць сваяцтва, то сумны лёс наш і ніякай будучыні не будзе ні ў нашай дзяржавы, ні ў нашага грамадства, ні ў нашага народа.
Таму наш свяшчэнны абавязак – захоўваць памяць пра тую трагедыю і гераізм нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
У эпоху, калі гісторыя актыўна фальсіфікуецца, вядома, усе намаганні накіраваны на выхаванне моладзі на правільнай гісторыі, на прыкладзе рэальных падзей, а не на фэйках і ўкідах, прысваенні чужых заслуг. Таму сёння мы, настаўнікі гісторыі, імкнемся захаваць гістарычную памяць, расказваем усю,нават самую горкую праўду пра вайну.
На сваіх уроках Вялікую Айчынную вайну вывучаем з вучнямі з прыцягненнем рэальных герояў, воінаў-пераможцаў – іх прадзедаў.
Гэта ў тым ліку важна, паколькі гісторыя – гэта персаналіі. Па-іншаму нельга, каб у іх было адчуванне датычнасці, каб яны разумелі, што праўда ў той вайны адна, не можа быць ніякой постпраўды, і яе трэба бараніць.
Па вялікім рахунку, супрацьстаяць адраджэнню фашызму – гэта прамы абавязак кожнага з нас перад героямі-вызваліцелямі, абаронцамі Айчыны, нашымі дзедамі і прадзедамі.
А яшчэ, усе мы павінны разу-мець, што мір вельмі зыбкі, і быць гатовыя абараніць нашы інтарэсы, нашу Перамогу і нашу памяць.
Кіраўнік дзяржавы справядліва зазначыў, што гістарычныя веды – гэта не толькі веданне мінулага, гэта разуменне будучыні. Гэта ўсведамленне таго, якой будзе наша краіна, якім будзе наш народ праз гады, дзесяцігоддзі пры ўмове прыняцця грамадствам тых ці іншых падзей мінулага, пры ўмове разумення сваёй гісторыі. І калі мы будзем ведаць сваю гісторыю, калі мы будзем захоўваць памяць пра Брэст і Хатынь, пра Буйніцкае поле і Сталінград, пра блакадны Ленінград і Курск, пра перамогу нашых войскаў у Еўропе, пра ўзяцце Берліна, тады мы выстаім, мы пераможам, – упэўнена Жанна Міхайлаўна.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о