Сёлета на злёце перадавікоў Петрыкаўшчыны за добрасумленную эфектыўную працу і значны асабісты ўклад у развіццё Петрыкаўскага раёна ў 2024 годзе, званнем “Кіраўнік года – 2024” ганараваны дырэктар ЭЛПГ “Ляскавічы” ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Віталій Жогаль. Мы пагутарылі з Віталіем Уладзіміравічам напярэдадні ўрачыстасці.
Як любы кіраўнік, размову Віталій Уладзіміравіч пачынае з прафесійнай тэмы.
– ЭЛПГ “Ляскавічы” створана ў 1995 годзе. Гэта прадпрыемства, якое дынамічна развіваецца і ўдзяляе вялікую ўвагу якасці прадукцыі і пастаяннаму абнаўленню асартыменту. У гаспадарцы працуе 642 чалавек і ў полі нашай дзейнасці не адзін напрамак, – дзеліцца малады кіраўнік. – Першы – лесанарыхтоўчая дзейнасць, у якой задзейнічана дзевяць лясніцтваў ЭЛПГ “Ляскавічы” і ўчастак на базе пяці валачных машын “Харвестэр”. Другі напрамак – лесапрамысловая дзейнасць, якая прадстаўлена прадукцыяй ад лесанарыхтоўкі і дрэваперапрацоўкай. Яшчэ адна дзейнасць – дрэваперапрацоўчая, якая прадастаўлена двума вытворчымі падраздзяленнямі – ДПК “Ляскавічы”, ДАЦ “Азераны”.
Суразмоўца адзначае, што ў гаспадарцы вытворчасць наладжана ў дзве змены, а пры неабходнасці і ў тры. З мэтай мадэрнізацыі вытворчасці прапрацавана пытанне замены некаторага абсталявання, заключана дамова на пастаўку лініі лесапілавання KRAFTER, агульны кошт якой складае больш пяці мільёнаў беларускіх рублёў. На сённяшні дзень ідзе мантаж абсталявання. Лініі лесапілавання і перафарміравання піламатэрыялаў плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў бягучым годзе. Рэалізацыя гэтага праекта ажыццяўляецца ў рамках Праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай вытворчасці ДПУ НП “Прыпяцкі” на 2022-2026 гады.
Падзяліўся суразмоўца і інавацыямі ў вытворчасці: у мінулым годзе прадпрыемствам арганізаваны выраб паддонаў драўляных. Выпуск паддонаў ажыццяў-ляецца на ўласнай вытворчай базе – гаспадаркай быў набыты для гэтых мэт спецыяльны станок.
Віталій Уладзіміравіч дасканала валодае ўсімі пытаннямі, якія тычацца ЭЛПГ “Ляскавічы”. У кожным слове адчуваецца яго зацікаўленасць справай, адказнасць за вынік і любоў да Петрыкаўшчыны. Гэта не дзіўна: Ляскавічы – яго малая радзіма. Яшчэ будучы старшакласнікам у юнака было жаданне звязаць сваю прафесійную дзейнасць з мясцовым прадпрыемствам. Пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі зямляк скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагас-падарчую акадэмію. Працоўны шлях на прадпрыемстве пачынаў з інжынера-механіка лесанарыхтоўчай тэхнікі. Паказаў сябе як граматны, перспектыўны спецыяліст, што адбілася на кар’ерным росце – доўгі час на прадпрыемстве займаў вядучыя пасады. З 2021 года – дырэктар ЭЛПГ “Ляскавічы”.
Наш герой – шчаслівы сем’янін. Дома мужчыну чакае жонка і двое дзяцей – сын і дачка. Прызнаецца, што бачыцца з самымі блізкімі хацелася б больш часу. Але не выпадае – насычаны працоўны графік, трэці год атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Напрыканцы гутаркі Віталій Уладзіміравіч заўважыў: “Прысваенне пачэснага звання “Кіраўнік года”, вядома, вынік не толькі маёй асабістай работы, а працы ўсіх спецыялістаў, работнікаў ЭЛПГ “Ляскавічы”. Таму я ўдзячны кожнаму з іх за ўнёсак на карысць агульнай справы”.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота Марыі ТАМКО.
Оставить комментарий