Аб’ёмы газу ў падземных сховішчах краін ЕС скараціліся прыкладна на 53%, што для сярэдзіны зімы лічыцца вельмі нізкім паказчыкам – такія ўзроўні звычайна характэрныя толькі для пачатку лютага.
Тэмпы адбору паліва цягам апошніх двух тыдняў застаюцца высокімі: з пачатку новага года Еўропа расходавала каля 900 мільёнаў кубаметраў газу штодзень. У выніку запоўненасць сховішчаў ужо на 15% ніжэйшая, чым у сярэднім за апошнія пяць гадоў.
Гэта ў сваю чаргу стварае перадумовы для росту коштаў на паліва, які ўжо адчуваецца ў асобных рэгіёнах. Так, у краінах Балтыі рахункі за электраэнергію амаль падвоіліся. Прычына не толькі ў халодным надвор’і і павелічэнні попыту, але і ў рэзкім зніжэнні выпрацоўкі “зялёнай” энергетыкі, на якую так разлічвалі нашы суседзі.
Нагадаем, Літва, Латвія і Эстонія тры дзесяцігоддзі незалежнасці заставаліся падключаны да расійскай электрасеткі. У лютым мінулага года ў гэтых трох краінах пачалася новая эра: яны канчаткова адключацца ад расійскай энергасістэмы. У дзень “знакавай” для краін Балтыі падзеі міністр энергетыкі Латвіі Каспарс Мелніс, у інтэрв’ю DEUTSCHE WELLE адзначыў, што краіны Балтыі ўяўляюць сабой “невялікі рынак электраэнергіі”. Праект адключэння ад БРЭЛЛ для іх, па словах міністра, абумоўлены “абаронай, энергетычнай бяспекай, незалежнасцю і эканомікай”. У інтэрв’ю Мелніс заяўляў, што не чакае, што выхад са звязанай з РФ сістэмы паўплывае на кошты на электраэнергію ў краіне. Паводле яго слоў, новыя аднаўляльныя крыніцы энергіі, якія з’явяцца ў бліжэйшы час, могуць прывесці да зніжэння коштаў да канца года.
Аднак прагнозы палітыка, як бачым, не збыліся. Вытворчасць ветравой і сонечнай электраэнергіі ўпала прыкладна на 45%, тады як спажыванне ў рэгіёне вырасла амаль на 20%.
У выніку Еўропа сутыкаецца з новай фазай энергетычнага напружання: газавыя рэзервы хутка растаюць, а альтэрнатыўная генерацыя не можа кампенсаваць дэфіцыт. Але выбар зроблены, рашэнне прынята і за яго трэба плаціць. Вось толькі, на жаль, простым жыхарам краіны і з уласнага кашалька.

Галіна КАЗАК.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о