Подзвігу салдата-пераможцы жыць вечна!

0
544

79 гадоў аддзяляе нас ад пераможнага мая 1945 года. З кожнам годам побач з намі ўсё менш тых, хто цаной уласнага жыцця “каваў” Вялікую Перамогу, хто прынёс мір на нашу спакутаваную зямю. Для сучаснай моладзі і падлеткаў Вялікая Айчынная вайна – гэта штосьці з далёкага мінулага, з падручнікаў гісторыі і дакументальных хронік. У той час, як пра кожнага ветэрана можна напісаць кнігу, бо ў кожнага быў свой франтавы шлях, які ўліўся ў агульную перамогу над фашызмам.

Подзвігу салдата-пераможцы жыць вечна!

Наш сённяшні матэрыял – гісторыя героя, памяць пра якога свята захоўваюць яго нашчадкі: дзеці, унукі, праўнукі. Ваенны білет, узнагародны ліст, працоўная кніжка – галоўны скарб сям’і Малашчанка, у якім увасабляецца беражлівая памяць . Менавіта рэчы-рэліквіі і пашана родных – сведчанне неўміручасці героя. Прыемна, што сваёй гісторыяй яны падзяліліся з намі.

Фёдар Фёдаравіч Малашчанка нарадзіўся ў 1920 годзе ў суседнім Калінкавіцкім раёне. Даваенная біяграфія яго нічым асаблівым нібыта не вылучаецца: рос у простай сям’і, з дзяцінства выхоўваўся ў працы і сумленным стаўленні да жыцця. Працаваў загадчыкам Глініцкай пачатковай школы, затым – дырэктарам і настаўнікам матэматыкі Снядзінскай сямігодкі.

У кастрычніку 1940 года быў прызваны на вайсковую службу, дзе і сустрэў навіну аб пачатку вайны. Вайсковы шлях Фёдара быў поўны трагізму і гераізму – яны, як вядома, нязменныя спадарожнікі салдата. Яго, маладога курсанта, пасля паскоранага курса Ленінградскага інжынернага вучылішча імя Жданава, прызначылі камандзірам аддзялення 15 асобнага матарызаванага пантонна-маставога Чарнавіцкага ордэнаў Аляксандра Неўскага і Чырвонай Зоркі батальёна, які ва ўсіх цяжкіх і не заўсёды пераможных баях ішоў у авангардзе.

Менавіта ў складзе інжынерных войскаў ён прайшоў вогненнымі дарогамі Паўднёвага, Паўночна-Каўказскага, 1-га і 4-га Украінскіх франтоў. Камандзір аддзялення, памочнік камандзіра ўзвода, камандзір пантоннага ўзвода і камандзір роты – шлях вайсковага сталення нашага героя.

Зямляк праявіў сябе адважным байцом. Апрача гэтага, ён быў смелым, валявым, тактычна падкаваным, удумлівым камандзірам. Ён заўсёды дзейнічаў рашуча і асабістым прыкладам натхняў байцоў. Сведчаннем таму, што змагаўся на перадавой не шкадуючы жыцця, з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды. У іх ліку – медалі “За абарону Каўказа”, “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” і два ордэны Чырвонай Зоркі, а таксама загады і ўзнагародныя лісты.

У адным з іх чытаем: “Малодшы лейтэнант Малашчанка прымаў удзел у выкананні складанай баявой аперацыі па фарсіраванні ракі Нейсэ 16 красавіка 1945 года ў раёне пасялення Грос Бадэмейзель. Наводка пантоннага маста пад грузы ў 60 тон ажыццяўлялася ў момант першапачатковага марш-кідка нашай пяхоты, калі праціўнік, знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці ад месца пераправы, з усіх відаў зброі абстрэльваў берагі ракі. Афіцэр Малашчанка, камандуючы пантонным узводам, праяўляючы асабістую смеласць і адвагу, ажыццяўляў кіраўніцтва баявой работай у напружаных і небяспечных умовах, здолеў са сваімі падначаленымі забяспечыць хуткую і якасную зборку маставой канструкцыі і тым самым перакідку танкаў, артылерыі і іншых ваенных грузаў на заходні бераг ракі.

Подзвігу салдата-пераможцы жыць вечна!

У момант, калі танкі пачалі рух па мосце і праціўнік, пачуўшы грукат матораў, пачаў шалёны артылерыскі абстрэл, афіцэр Малашчанка першым кінуўся да таго месца, дзе забуксаваў адзін з танкаў, арганізаваў хуткую ўкладку насціла і тым забяспечыў далейшы бесперапынны рух танкаў.

За праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі мужнасць, бясстрашша і смелую ініцыятыву таварыш Малашчанка заслугоўвае ўрадавай узнагароды – Ордэна “Чырвонай Зоркі”.

25-гадовы камандзір роты на гэты час быў ужо загартаваным у баях вайскоўцам, які не раз адзначаўся ў баях сваёй смеласцю, знаходлівасцю і дзёрзкасцю. Як сведчаць матэрыялы з асабістай справы, для Фёдара Фёдаравіча не было невыканальных задач, а ўстаўную каманду “Наперад!” ён нярэдка замяняў іншай – “За мной!” Не даваць праціўніку перадышкі – такі быў тактычны прынцып Малашчанкі, і ён, не адрываючыся, ішоў за ворагам па пятах, гнаў яго з нашай зямлі.

Пасля дэмабілізацыі ў красавіку 1947 года Фёдар Фёдаравіч Малашчанка вярнуўся ў родную Беларусь. Паступіў у Мазырскі настаўніцкі інстытут на фізіка-матэматычны факультэт, пасля заканчэння якога працаваў настаўнікам матэматыкі і дырэктарам шэрагу навучальных устаноў раёна. Знакавых па-дзей у яго мірным жыцці было не менш, чым на фронце: з жонкай Марыяй Дзямьянаўнай выхавалі двух сыноў – Фёдара (сям’я якога і падзялілася з намі матэрыяламі з сямейнага архіва) і Алега.

Айчынная вайна даўно завяршылася, але яе гераічныя падзеі з кожным дзесяцігоддзем становяцца ярчэйшымі. Быццам сам час з узрастаючай сілай падкрэслівае значнасць і ролю бяспрыкладнага подзвігу народа, які адстаяў свабоду і здабыў мір. Памяць пра гэта – свяшчэнная, а наш абавязак – захаваць і перадаць яе наступным пакаленням. Каб ведалі, шанавалі, даражылі. І ганарыліся землякамі, якія здзейснілі подзвіг у імя нашай з вамі мірнай будучыні.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара і з сямейнага альбома
сям’і Малашчанка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о