21 сакавіка, у сусветны Дзень паэзіі, на базе Петрыкаўскай раённай бібліятэкі прайшла прэзентацыя зборніка вершаў “Под куполом небесного зонта” нашай зямлячкі, жыхаркі Петрыкава, педагогапершай гарадской школы Святланы Тарасевіч.
Гэта другі зборнік вершаў Святланы Анатольеўны. Першы – “Слёзный жемчуг капал…”, быў прэзентаваны тры гады таму і набыў прызнанне ў прыхільнікаў лірычнага слова.
Прэзентацыя новага зборніка прайшла ў душэўнай і цёплай атмасферы. Павіншаваць і паслухаць аўтарку прыйшлі яе дачка і ўнукі, калегі па працы, сябры, прыхільнікі паэзіі (на фота). Паэты Петрыкаўшчыны Любоў Арлова, Антаніна Рыбалка, Галіна Вяракса адрасавалі Святлане Анатольеўне цёплыя словы. Прысутныя гаварылі, што яе творы не пакідаюць абыякавым ні знаўцаў літаратуры, ні зусім далёкага ад паэзіі чалавека, адзначалі ўменне аўтаркі праз слова перадаць нешта вельмі важнае і зразумелае.
У час мерапрыемства паэтка чытала для прысутных свае новыя вершы, тэматыка якіх разлічана на любую аўдыторыю: інтымная, філасофская, духоўная, патрыятычная лірыка. У зборніку нямала вершаў павучальных, лёгкіх, але нязменна з глыбокім сэнсам. Многія з твораў дастаткова адкрытыя ў плане асабістых пачуццяў і перажыванняў.
Развенчены былые мифы,
И сокрушились пьедесталы.
Душа моя древнее скифов,
Ей удивляться не пристало.
В неё так много раз плевали,
Топтали в грязь и возносили,
И недоверья яд вливали…
– Душа мая, ты стала сильной!
Страдаешь, знаешь
боль разлуки,
И оживаешь понемногу.
Твой крест тяжёл.
Ты примешь муки?
– Мне страшно, но я верю Богу!
Аўтарка прызнаецца: яна не піша вершы для нейкай канкрэтнай аўдыторыі ці “на заказ”. У іх – яе жыццё з узлётамі і разачараваннямі, радасцямі і стратамі, прыходам да веры, спазнання ісціны.
Хочацца адзначыць, што Святлана Тарасевіч з’яўляецца пазаштатным аўтарам “Петрыкаўскіх навін”. Яе вершы, матэрыялы рэлігіёзнага плану запатрабаваны ў падпісчыкаў раённага выдання.
Калектыў рэдакцыі жадае аўтару шчасця, творчага натхнення. Мы будзем радыя супрацоўнічаць з вамі, Святлана Анатольеўна, доўгія гады!
Для жадаючых азнаёміцца з творчасцю таленавітай нашай зямлячкі раім звярнуцца ў Цэнтральную раённую бібліятэку.
Не пашкадуеце!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий