На мінулым тыдні на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу горада Петрыкава прайшло спартыўнае мерапрыемства “Спартыўныя забавы” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Фізічная культура і спорт – важны фактар для рэабілітацыі і сацыяльна-бытавой адаптацыі чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Любая хвароба ў большай ці меншай ступені прыводзіць да парушэння функцый арганізма ў цэлым, значна пагаршае каардынацыю рухаў, абцяжарвае магчымасць сацыяльнага кантакту з навакольным светам. “Спартыўныя мерапрыемствы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі садзейнічаюць не толькі фізічнаму развіццю ўдзельнікаў, але і іх сацыялізацыі, павышэнню самаацэнкі і ўпэўненасці ў сабе, – адзначыў трэнер ДЮСШ Петрыкаўскага раёна – Жан Дубіна. На такіх мерапрыемствах людзі з рознымі абмежаваннямі могуць прадэманстраваць свае таленты, сустрэцца з аднадумцамі і адчуць падтрымку з боку грамадства”.
Удзельнікі спаборніцтва з задавальненнем паспрабавалі свае сілы ў розных конкурсах. Землякі змаглі прадэманстраваць не толькі хуткасць і спрыт, але і кемлівасць, дробную маторыку, логіку і волю да перамогі.
Вядома ж, спартыўныя перамогі і рэкорды ў такіх мерапрыемствах не галоўнае. Удзел і поспехі ў спаборніцтвах – гэта магчымасць яшчэ раз даказаць, што няма ніякіх абмежаванняў і няма нічога немагчымага для моцных духам людзей. Галоўнае, што ўсе ўдзельнікі гэтай сустрэчы атрымалі зарад энергіі і добрага настрою.
Марыя Тамко.
Оставить комментарий