Першачарговая задача – бяспека

0
404

На першую нядзелю жніўня прафесійнага календара Беларусі прыпадае Дзень чыгуначніка. Людзі гэтага прызвання забяспечваюць надзейную транспарціроўку грузаў і, канешне, камфортную дастаўку пасажыраў.

Вось ужо 27 гадоў працуе на чыгунцы 17-га акалотку станцыі Капцэвічы Калінкавіцкай дыстанцыі шляху Іван Марозька. Свой аповед мужчына пачынае па-свойску: “Сам я мясцовы, з Капцэвічаў. Пасля заканчэння школы і службы ў арміі каля 4-х гадоў працаваў у лясной галіне, але потым, у 1996 годзе, працаўладкаваўся на чыгунку. Прывабіла мяне, як і многіх, стабільнасць: час тады быў цяжкі, прадпрыемствы закрываліся, а чыгунка, як то кажуць, была, ёсць і будзе”.

Першачарговая  задача – бяспека

Брыгадзір шляху адказвае за належны стан палатна і чыгуначнай гаспадаркі працягласцю ў 7 кіламетраў, дзе як раз знаходзіцца станцыя Капцэвічы. Гэта кантроль за палатном, стрэлкамі, мастамі, стыкамі. Мужчына адзначае, што праца чыгуначніка не для ўсіх, апрача істотных фізічных нагрузак, дысцыплінаванасці і працавітасці, трэба заўсёды праяўляць пільнасць, быць адданым і мэтанакіраваным чалавекам, бо на першым месцы заўсёды застаецца бяспека. “Зразумейце правільна, я не хацеў бы параўноўваць розныя прафесіі, але памылка ў нашай справе можа прывесці да несуцяшальных наступстваў. Таму ўся наша праца накіравана менавіта на забеспячэнне бесперапыннай, надзейнай і, галоўнае, бяспечнай работы ўсёй сістэмы, ад руху цягніка, да парадку на чыгуначных пераездах. Наш працоўны графік традыцыйны, з 8 да 17 гадзін. Але, як і прадстаўнікі экстраных службаў, у выпадку пазаштатнай сітуацыі, ад аварыі і да неспрыяльных умоў надвор’я, нас могуць выклікаць у любы час сутак”, – патлумачыў Іван Аляксеевіч.

Герой нашага рэпартажу – чалавек сямейны. Разам з жонкай Валянцінай яны выгадавалі пяцёра дзяцей. У вольны час, якога ў мужчыны не так і багата, Іван Марозька прысвячае надзённым справам – робіць у доме рамонт і даглядае за хатняй гаспадаркай.
Напярэдадні прафесійнага свята Іван Аляксеевіч быў ганараваны занясеннем на Дошку гонару Калінкавіцкай дыстанцыі шляху.На пытанне: “Што прыносіць задавальненне ў працы?”, – чыгуначнік на хвіліну задумваецца. “Гэта цікавае пытанне, адразу і не адкажаш, бо з вышыні амаль трох дзясяткаў гадоў працоўнага вопыту ўсё стала для майго вока звыклым. Безумоўна, прыемна адчуваць дачыненне да агульнага выніку – калі саставы праходзяць праз родныя Капцэвічы, гудуць цягнікі і ты разумееш, што эфектыўная праца нашай транспартнай сістэмы ў тым ліку з’яўляецца заслугай тваёй і тваіх калег.

Напярэдадні прафесійнага свята ўсім чыгуначнікам я жадаю мірнага неба над галавою, моцнага здароўя, поспехаў у нашай справе і, канешне, сямейнага дабрабыту” – падвёў вынік гутаркі Іван Аляксеевіч.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о