Пераможны падарунак футбалістаў да дзяржаўнага свята

17 верасня юныя спартсмены спаборнічалі ў футбольным турніры, прысвечаным дзяржаўнаму святу.

У спаборніцтвах сярод хлопчыкаў 2012 года нараджэння і малодшых узялі ўдзел чатыры каманды: гаспадары турніру – футбалісты ДЮСШ Петрыкаўскага раёна, добра вядомая каманда “Пандора” з Жыткавічаў і два саставы выхаванцаў мазырскага футбольнага клуба – “Славія-1” і “Славія-2”.
Турнір быў арганізаваны па кругавой сістэме. Гэта значыць, што кожная дружына правяла па тры матчы супраць усіх калектываў. Трэба меркаваць, што жараб’ёўка для нашых землякоў склалася ўдала, бо пачалі яны сваё выступленне з самых зручных для сябе сапернікаў – “Славіі-1”, упэўнена разабраўшы апанентаў з лікам, блізкім да разгромнага – 4:0.
Яшчэ адна мазырская каманда таксама не вытрымала пад ціскам петрыкаўскіх юнакоў, але на гэты раз перамога хоць і была ўпэўненай, але вынік на табло быў больш сціплым – 2:0.
Апошні апанент нашых землякоў, быў, бадай, самым моцным. З жыткавіцкай “Пандорай” ураджэнцы Петрыкаўшчыны сустракаліся неаднаразова і добра ведалі, што гэты зладжаны калектыў памылак не даруе. Больш за тое, сітуацыя перад апошняй гульнёй склалася такім чынам, што пры паражэнні нашых футбалістаў суседзі б выходзілі на першае месца па ачках, пакідаючы нашым спартсменам другую прыступку п’едэстала. Ва ўпартай барацьбе ніхто не хацеў саступаць, і гульня скончылася з сухім, але выніковым для землякоў лікам 0:0.
У выніку дружына Петрыкаўскай ДЮСШ святкавала перамогу з 7-мю ачкамі ў актыве, на другім месцы ў гэты дзень была “Пандора”, якая набрала 5 балаў, дыплом трэцяй ступені везла ў Мазыр “Славія-1”, на рахунку якой было 4 ачкі.
Пасля спаборніцтваў трэнер нашага юнацкага калектыву Жан Дубіна адзначыў: “Мы задаволены вынікам, але не можам выдатна ацаніць якасць сваёй гульні. Ёсць яшчэ мноства момантаў, над якімі трэба працаваць. У першую чаргу гэта прэсінг і майстэрства валодання мячом”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота з архіву ДЮСШ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о