У суботу, 16 лістапада, у спартыўнай зале ДЮСШ адбылася таварыская сустрэча ветэранаў фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў.
У праграму ўваходзілі пяць відаў спорту: дартс, настольны тэніс, шахматы, шашкі. Дзве каманды складаліся з жанчыны і мужчыны, у той час як за більярдным сталом гонар свайго раёна баранілі па два прадстаўнікі моцнай паловы. Узрост усіх удзельнікаў турніру ад 50-ці гадоў і старэйшы. Кожны са спартсменаў меў права ўдзельнічаць не больш чым у двух дысцыплінах, а ў агульны залік уваходзілі вынікі ўсіх удзельнікаў.
Перад пачаткам спаборніцтваў да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер, старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Жукавец і загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Зінаіда Беламутава.
Прагучаў гімн і пачалася спартыўная частка мерапрыемства. Хацелася б заўважыць, што ў кожным відзе спорту ўдзельнікі намагаліся прадэманстраваць усё сваё майстэрства, каб прынесці максімальны плён сваімі спартыўнымі вынікамі да агульнай колькасці ачкоў.
Гэтыя намаганні не былі дарэмнымі, бо ачковы багаж кожнай каманды ў спаборніцтвах склаў па 17 балаў. А вось па дадатковых паказчыках нашыя госці сталі ў выніку пераможцамі гэтай таварыскай сустрэчы: бо суседзі мелі ў сваім выніковым актыве 6 першых месцаў, у той час, як нашыя землякі ўсяго 3. Гэта, згодна з палажэннем аб спаборніцтвах, і вызначыла зыход сустрэчы на карысць жыткаўчан, якім ва ўрачыстай абстаноўцы і быў уручаны пераможны кубак. Цырымонія скончылася фота на памяць, а затым спартсмены наведалі музейны пакой “Легенды спорту Беларусі”, экспазіцыя якога не так даўно была адкрытая для наведвання ў фізкультурна-спартыўным комплексе “Прыпяць”.
Напрыканцы сустрэчы дзвюх ветэранскіх каманд мы атрымалі запрашэнне наведаць суседзяў са спартыўным візітам у адказ. Прапанова была прынятая, бо землякі маюць жаданне ўзяць рэванш. Нашыя ветэраны прыкладуць усе свае намаганні для ажыццяўлення гэтага плана, але не гэта галоўнае. Куды больш каштоўнай з’яўляецца работа дзеля мацавання сяброўскіх спартыўных сувязяў паміж нашымі раёнамі.
Аляксей КАЮКАЛА,
старшыня пярвічнай арганізацыі БГА “Ветэраны ФКіС Петрыкаўскага раёна”.
Оставить комментарий