Урадам Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб прадаўжэнні тэрміну абарачэння імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць” па 31 снежня 2030 года. Адпаведная пастанова прынята 30 мая 2025 года.
Пра нюансы абмену і продажу распавяла намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Петрушэнка.
Нагадаем, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь” ІПЧ з’яўляецца дзяржаўнай імянной каштоўнай паперай Рэспублікі Беларусь, выпушчанай на тэрмін, устаноўлены Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Прыватызацыйны чэк забяспечаны дзяржаўнай уласнасцю, якая падлягае бязвыплатнай перадачы грамадзянам Рэспублікі Беларусь, сведчыць аб праве яго ўладальніка на долю ў прыватызаванай дзяржаўнай уласнасці і выказвае памер гэтай долі (квоту).
– Абмяняць ІПЧ “Маёмасць”, якія належаць грамадзянам, на дзяржаўныя акцыі можна ў падраздзяленнях ААТ “ААБ Беларусбанк”, якія выконваюць названыя аперацыі. Там жа можна азнаёміцца са спісам акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх прапануюцца да набыцця ў абмен на чэкі, і інфармацыяй пра гэтыя таварыствы, – пазначыла суразмоўца і ўдакладніла: – У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, абмену на акцыі падлягаюць ІПЧ “Маёмасць”:
– налічаныя пакупніку ў адпаведнасці з артыкулам Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 1993 года “Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь” (квота на маёмасць дзяржаўных прадпрыемстваў) і атрыманыя ў спадчыну;
– перааформленыя пакупніку ад блізкіх сваякоў (бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясцёр, унукаў, бабуль, дзядуляў, свякрухі, свёкра, цесця і цешчы), якім яны былі налічаны ў якасці асабістай маёмаснай квоты, але ў суме не больш за 250 ІПЧ “Маёмасць”.
Набываючы акцыі, грамадзянін становіцца акцыянерам і ў адпаведнасці з заканадаўствам мае права ўдзельнічаць у кіраванні таварыствам, атрымліваць інфармацыю аб дзейнасці прадпрыемства, а таксама прадаваць, дарыць і атрымліваць у спадчыну акцыі.
Акцыянер можа ўдзельнічаць у сходах акцыянераў і выказваць сваю пазіцыю па пытаннях, якія выносяцца на абмеркаванне сходу, у тым ліку і па размеркаванні прыбытку і выплаце дывідэндаў.
Па інфармацыі начальніка аддзела эканомікі, у адпаведнасці з заканадаўствам акцыянернае таварыства мае права накіроўваць частку прыбытку, які застаецца ў яго распараджэнні пасля выплаты падаткаў, іншых абавязковых плацяжоў і пакрыцця страт бягучых перыядаў, на выплату дывідэндаў акцыянерам таварыства. Рашэнне па размеркаванні прыбытку прымаецца на агульным сходзе акцыянераў.
Пры жаданні набытыя акцыі можна прадаць. Продаж ажыц-цяўляецца праз ААТ “Беларуская валютна-фондавая біржа” пры пасрэдніцтве прафесійнага ўдзельніка рынку каштоўных папер, які з’яўляецца ўдзельнікам біржы.
На сайце Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ёсць рэестр прафесійных удзельнікаў.
Спіс прадпрыемстваў, якія прыватызуюцца, акцыі якіх абменьваюць на чэкі “Маёмасць” і дадатковая інфармацыя аб абмене акцый прадпрыемстваў на ІПЧ “Маёмасць” – на сайце “ААБ Беларусбанк”.
Інфармацыя аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці акцыянерных таварыстваў на сайце “Адзінага партала фінансавага рынку”.
Запісала Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий