Вялікая ўвага на Петрыкаў-шчыне ўдзяляецца правядзенню работы па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Гэтай мэце служыць шэраг мерапрыемстваў, якія праходзяць з удзелам камандаваня Мазырскага пагранічнага атраду, Петрыкаўскага раённага камісарыяту, раённымі грамадскімі аб’яднаннямі, ДТСААФ. Каардынатарам дадзеных сустрэч з’яўляецца Мікалай Жукоўскі – падпалкоўнік у адстаўцы, чалавек аўтарытэтны сярод землякоў, уласны баявы вопыт і жыццёвая пазіцыя якога служыць яскравым доказам беларуса вынослівага і адданага.
Мікалай Аляксандравіч заўсёды марыў пра ваенную кар’еру. І да сваіх планаў ішоў упэўнена. У свой час закончыў Алма-Ацінскае пагранічнае вучылішча – адно з самых славутых ваенных вучэбных устаноў былога СССР, служыў на заставах краіны, прайшоў вайну ў Афганістане. Яго светаўспрыманне і мудрасць і сёння запатрабаваны: старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання ў гарадской гімназіі.
Гаворачы пра працу з моладдзю суразмоўца адзначае:
– Выхаванне патрыёта – дзейнасць бесперапынная, комплексная, сумленная. Бяру прыклад з гімназіі: у мінулым годзе праведзена сумесна з рознымі структурамі амаль трыццаць мерапрыемстваў, накіраваных на ваенна-патрыятычнае выхаванне. Формы работы розныя: дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы, выезды, акцыі, урокі мужнасці. Усе яны прайшлі годна, запамінальна, яскрава.
Суразмоўца заўважае, што гэта дзейнасць пакідае след у душах юнакоў і дзяўчат, закладвае падмурак для станаўлення асобы. І сёння гімназісты ўспамінаюць удзел у перапахаванні астанкаў мірных жыхароў, закатаваных і забітых у гады Вялікай Айчыннай вайны, на старых могілках у Петрыкаве, удзел у мітынгу па адкрыццю інфармацыйнай шыльды пагранічнікам 18-га Жыткавіцкага пагранатрада на памяшканні вакзала чыгуначнай станцыі “Капцэвічы”, дзе на месцы бою з немецка-фашысцкімі захопнікамі было знішчана больш за 500 акупантаў. Такія моманты прымушаюць задумацца над тым, што такое Радзіма, зразумець сапраўдны сэнс слова “патрыятызм”. Важна не забываць пра тых людзей, якія некалі зрабілі ўсё магчымае, каб патомкі жылі на мірнай зямлі.
– На ўсіх мерапрыемствах: а гэта – і ўрачыстыя, спартыўныя, канцэртныя – стаўлю перад сабой мэту выхаваць у юнакоў байцоўскія якасці, – дзеліцца суразмоўца. – Надаю ўвагу і таму, каб дзеці ведалі гісторыю, заўсёды памяталі пра тых, хто стварыў дзяржаву, адстойваў яе гонар, рабіў яе вялікай, магутнай. Мы захаваем гэту памяць і мы захаваем гэту сувязь часоў.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА
Оставить комментарий