“Паспець сказаць “Дзякуй”. Карэспандэнты “ПН” наведалі зямлячку з Кашэвічаў, каб перадаць прывітанне з Полацка

0
627

На пошту “Петрыкаўскіх навін” прыйшоў ліст ад жыхаркі горада Полацка Валянціны Новікавай. Адкрыўшы канверт, прачыталі першыя кранальныя словы: паспець сказаць “Дзякуй!”. Такім жа душэўным, поўным слоў падзякі быў змест ўсяго паслання. Жанчына піша пра сваю сваячніцу з Кашэвічаў Валянціну Маставую, якая на гэтым тыдні адзначыла 85-годдзе. Аўтару ліста давялося нялёгка ў жыцці: з пяці месяцаў засталася сіратою, ужо ў дарослым жыцці перажыла страту родных людзей, але заўсёды адчувала падтрымку сям’і Маставых з Петрыкаўшчыны. Юбіляршы адрасуе палачанка толькі словы найвышэйшай пахвалы: “непаўторная”, “працаўніца”, “мудрая”. Заканчваецца ліст словамі: “Не маючы магчымасці асабіста ўбачыць юбіляршу, прашу вас перадаць ёй і яе дзецям цёплыя словы, удзячнасць за клопат, шчодрасць і ўвагу. Няхай утрая вернецца ім дабро і любоў, што дораць яны мне і людзям”.

“Паспець сказаць “Дзякуй”. Карэспандэнты “ПН” наведалі зямлячку з Кашэвічаў, каб перадаць прывітанне з Полацка

Валянціна Маставая была радая бачыць нас у сябе ў гасцях: газету чытае, ды і тое, што сваячка, якую яна бязмерна любіць, вырашыла так арыгінальна павіншаваць яе, выклікала ў жанчыны кранальныя эмоцыі. Тое, што знаёмства будзе запамінальным, мы адчулі адразу. Гераіня аказалася надзвычай цікавай суразмоўцай. Звярнулі ўвагу мы на яе актыўны лад жыцця. На прысядзібным участку красаваўся добры ўраджай гародніны, садавіны, усё дагледжана, як кажуць, “нідзе ні зялінкі”, каля хлеўчыка пасціліся адзінаццаць авечак, статак гусей, на двары рознымі колерамі буялі кветкі. Заўважыўшы наша здзіўленне – згадзіцеся, што ўтрымліваць такую гаспадарку ва ўзросце – справа не з лёгкіх. Жанчына з усмешкай дадала, што была яшчэ карова, ды два гады таму прадала.

“Дзеці просяць, каб лягчэй жыць пачала, усё ж купіць у краме можна. Але адчуваю цягу да працы на зямлі. Лічу, што пакуль сілы ёсць – трэба рухацца, будаваць планы”, – гаворыць суразмоўца.

Да працы гераіня прывучаная з дзяцінства. Сама родам з Брынёва. Малыя гады прыпалі на перыяд Вялікай Айчыннай вайны, якая забрала ў яе бацьку, афіцэра, добрага і клапатлівага сем’яніна.

– Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі, марыла набыць спецыяльнасць настаўніка ў Капцэвіцкім педвучылішчы. Першы год не паступіла, а затым было не да вучобы: закахалася ў хлопца з Кашэвіч – мне тады споўнілася васямнаццаць – ды і адразу замуж пайшла, – успамінае суразмоўца. – Уладкаваліся жыць на яго радзіме. Да нара-джэння дзяцей працавала ў сельгасбрыгадзе, а затым перайшла даяркай на ферму, дзе адпрацавала трыццаць сем гадоў.

Па словах зямлячкі, працавалі з мужам з раніцы да позняга вечара. Акрамя работы ў калгасе, трымалі вялікую гаспадарку. Усё рабілася ў згодзе, з настроем і радасцю. Дзевятнаццаць гадоў таму не стала яе Мікалая. Першыя гады, калі засталася адна, даглядала пчаліныя вуллі – працягвала мужаву справу.

Не дзіўна, што Валянціна Ула-дзіміраўна была перадавіком вытворчасці. Ударнік пяцігодкі, дзесяцігодкі, пераможца сацыялістычнай працы. Хапала часу ў калгасніцы і на грамадскую дзейнасць: член КПСС, Праўлення калгаса, з’яўлялася дэпутатам мясцовага, раённага Саветаў. Мае шмат дзяржаўных узнагарод, якія, дарэчы, разам з дакументамі на іх, партыйным білетам перадала ў раённы краязнаўчы музей.

Горнар Валянціны Уладзіміраўны – два сыны, дачка, пяцёра ўнукаў, сямёра праўнукаў. Гераіня кажа: выхоўвалі з мужам так дзяцей, каб тыя сталі сапраўднымі людзьмі, умелі спачуваць і разумелі навакольных. Каб сваёй працай і стараннем дабіваліся пастаўленай мэты і любілі родную зямлю.

– Я захапляюся сваім краем. Любуюся ляснымі масівамі, світанкам, заходам сонца, дыхаю свежым паветрам і назіраю за зорным небам, – сказала на развітанне юбілярша. – Напэўна, з усяго гэтага я чэрпаю сілу і энергію, каб крочыць у заўтрашні дзень.

У сваім лісце жыхарка Полацка піша: “У гэтай працавітай жанчыны свая жыццёвая філасофія: не шкадаваць пра мінулае, шанаваць сучаснасць і з надзеяй глядзець у будучыню”.

Жадаем Вам, шаноўная Валянціна Уладзіміраўна, заставацца такой актыўнай і жыццярадаснай яшчэ доўгія гады.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о