Памяць жывая

0
93

11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У гэты дзень у многіх краінах праводзяцца памятныя мерапрыемствы з нагоды жалобнай даты.

На тэрыторыі Беларусі ў гады акупацыі дзейнічала 260 лагераў смерці і іх філіялаў для савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян.
За ўвесь перыяд акупацыі на тэрыторыі Беларусі фашыстамі было знішчана 2 357 000 чалавек.
За гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшло больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, з іх 5 мільёнаў – нашы дзяды і прадзеды, бабулі і прабабулі. 10 мільёнаў дарослых і два мільёны дзяцей не дажылі да вызвалення.
У гэты дзень хочацца успомніць нашых землякоў, якія прайшлі праз жах канцлагераў.

Памяць жывая

 

Волкава Вольга Акулаўна
Нарадзілася 15 лютага 1934 года. У час акупацыі ёй было 10 гадоў. У палоне знаходзілася з 2 сакавіка 1944 года да 13 красавіка 1945 года. У акупацыі Вольга Акулаўна была з маці і бацькам. Маці працавала на фабрыцы, а бацька быў вельмі хворы. Асабліва Вользе запомніўся час, калі з дому сышоў яе родны брат. Яму тады было 16 год. Прайшло шмат гадоў, а яна так і не ведае, дзе ён. Вызвалілі дзяўчынку 13 красавіка 1945 года амерыканцы.
Пасля вайны, скончыўшы вучобу, Вольга Акулаўна працавала ў Капаткевічах бібліятэкарам.

Памяць жывая

 

 

Праз жах канцлагераў прайшла і Дашкевіч Марыя Сямёнаўна, якой падчас акупацыі было 14 гадоў (13 лютага 1930 г.). Дзяўчына ў палоне была з маці, сястрой і бацькам. Жылі ў канцлагеры ў Заходняй Нямеччыне. Марыю Сямёнаўну, яе маці і сястру разам з іншымі палоннымі пад аховай, пешшу накіравалі на станцыю. Там іх пагрузілі ў таварны поезд. Да германскай мяжы палонных не кармілі, не адчынялі вагонаў. Немцы баяліся, што яны ўцякуць. Толькі ў Германіі, дзе людзям не было куды бегчы, адкрылі вагоны. Падчас шляху Марыя Сямёнаўна цяжка захварэла на тыф. Калі палонныя праходзілі медагляд, яна была вельмі слабая пасля хваробы. Маці прыклала шмат намаганняў, каб выратаваць дачку ад крэматорыя.

 

Усіх, хто быў здольны працаваць, зноў пагрузілі ў цягнік і адправілі ўжо ў канцлагер. Усе два гады палонных ганялі з месца на месца, прымушаючы выконваць самую цяжкую працу. Марыі Сямёнаўне прыйшлося працаваць на заводах, палях, а таксама расчышчаць абломкі абрушаных будынкаў. Не раз у яе бралі кроў. Ад дрэннага харчавання, цяжкай працы Марыя Сямёнаўна часта хварэла. Усё перажытае адбілася на яе здароўі. З палону вызвалілі амерыканскія салдаты. Яны паведамілі палонным, што за 30 кіламетраў адсюль стаяць рускія салдаты. Нягледзячы на стомленасць і слабасць, людзі пешшу пераадолелі гэтыя кіламетры. Пасля вайны Марыя Сямёнаўна 41 год адпрацавала на карысць Петрыкаўшчыны.

Дар’я Нікалаева,
фота з архіва музея ДУА “Капаткевіцкая сярэдняя школа”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о