У Петрыкаўскім лясгасе, напярэдадні Дня работнікаў лесу, была ўрачыста адкрыта мемарыяльная шыльда ў гонар памяці Заслужанага лесавода БССР, дырэктара Петрыкаўскага лясгаса, які кіраваў установай з 1961-га па 1985-ты гады, Івана Прыхно.

Іван Іванавіч нарадзіўся ў 1924 годзе на Кіеўшчыне, скончыў школу ў Чарнігаве, прымаў удзел у баях за вызваленне Беларусі. Атрымаўшы настаўніцкую адукацыю, Іван Прыхно паступіў і паспяхова скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут і ў 1951 годзе быў накіраваны на працу ў Петрыкаўскі лясгас, а ўжо праз дзясятак гадоў спецыяліст узначаліў лесагаспадарчую ўстанову. Апрача ваенных узнагарод: Ордэна Вялікай Айчыннай вайны І ступені, Ордэна Чырвонай Зоркі, на працягу працоўнай дзейнасці Іван Іванавіч быў узнагароджаны Ордэнам “Знак Пашаны”, двойчы – Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1981 годзе быў ганараваны званнем “Заслужаны лесавод БССР”. Па дасягненні пенсійнага ўзросту яшчэ 17 гадоў спецыяліст працаваў інжынерам лясных культур і інжынерам-лесапатолагам.
У сваёй прамове намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Янчанкава адзначыла, што Петрыкаўскі лясгас мае не мала слаўных старонак свайго летапісу і вялікая заслуга тут належыць як раз самаадданай працы Івана Прыхно. “Адкрываючы памятную шыльду, мы працягваем добрую традыцыю – аддаём даніну памяці людзям, што зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё Петрыкаўшчыны”.
Дырэктар Петрыкаўскага лясгаса Арцём Анішчонак адзначыў, што складана пераацаніць работу Івана Іванавіча і сучаснае пакаленне з поўнай адказнасцю будзе працягваць традыцыі гэтага сапраўднага прафесіянала, чалавека, які літаральна жыў лесам.
На мерапрыемстве прысутнічала дачка Івана Прыхно – Таццяна Карынеўская, якая звярнулася да прысутных са зваротным словам: “Дзякую ўсім супрацоўнікам лясгасу за захаванне памяці пра бацьку. Ён быў чалавекам чулым, адказным і працавітым, любіў і перажываў за лясны фонд і гэтую адказнасць ён перадаў наступным пакаленням: унук Арцём скончыў Полацкі Лесагаспадарчы тэхнікум і атрымаў профільную вышэйшую адукацыю ў Бранску, унучка Алена скончыла Маскоўскі лесагаспадарчы інстытут і я бачу, што ўсе сучасныя супрацоўнікі лясной аховы ўпэўнена працягваюць справу бацькі. Дзякуй вам за чулыя адносіны да Івана Іванавіча”.

 

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о