15 лютага адзначаецца адна з трагічных дат у гісторыі  краіны – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.  У гэты дзень 37 год таму тэрыторыю Афганістана, на якой амаль дзесяць гадоў ішлі баявыя дзеянні, пакінуў апошні савецкі салдат. Кожны з іх вярнуўся са сваімі ўспамінамі. Кожны –  жывая гісторыя, якая заслугоўвае нашай увагі і павагі.

–  Для тых, хто прайшоў праз пекла Афганістана, тая далёкая зямля стала месцам, дзе адбылося пераасэнсаванне галоўных жыццёвых каштоўнасцей, – пачынае размову воін-інтэрнацыяналіст  Сяргей Сысоеў. – Калі ты знаходзішся ў пастаяннай небяспецы, то разумееш, што сапраўды важна. Знікаюць дробныя клопаты, пустаслоўе, надуманыя праблемы. Застаецца галоўнае: жыццё, сяброўства, дапамога бліжняму.

Герой аповеду прызнаецца: яшчэ з часоў вучобы ў другой гарадской школе разумеў: будучая служба ў войску гэта  не проста абавязак, а праява грамадзянскай пазіцыі.

– У войска мяне прызвалі ў васемнаццаць гадоў. Да гэтага перыяду я рыхтаваўся як фізічна, так і маральна. З дзяцінства быў выхаваны ў духу патрыятызму і адказнасці. Бацькі, настаўнікі, кнігі і фільмы – усё гэта сфарміравала  ўяўленне пра гонар, абавязак і мужнасць, – дзеліцца суразмоўца. – Перад адпраўкай ў Афганістан нас навучалі на вадзіцеляў бронетранспарцёраў.

Салдатам адразу сказалі, што іх будуць рыхтаваць да службы ў Афганістане, але падрабязнасці будучай службы ніхто не раскрываў. Мужчына ўспамінае, што ніхто супраць і не быў. Маладыя хлопцы не сумняваліся ў неабходнасці ехаць туды, куды пасылае Радзіма.

– Падрыхтоўка  была інтэнсіўнай, накіраванай на фарміраванне неабходных навыкаў для выканання баявых задач у складаных умовах, – працягвае суразмоўца. – Праз паўтара месяца навучання маладыя байцы трапілі ў Афганістан у ваенную частку каля горада Пулі-Хумры, дзе  савецкія салдаты выконвалі свае задачы  Галоўная з іх  – ахова стратэгічнага аб’екту, трубаправода, па якім паступала паліва для самалётаў і верталётаў.

Памяць, якая жыве ў сэрцах

Сяргей Вячаслававіч успамінае: чужая краіна сустрэла сонцам, пылам і цяжкім кліматам. Бацькам салдат сказаў не адразу, што служыць у “гарачай кропцы”. Замест праўдзівага адраса, на палявой пошце ён пазначаў: “Сонечная Малдова”. Гэты выдуманы адрас стаў своеасаблівым шчытом, які абараняў нейкі час родных ад трывогі  за сына.

Але нават у самых цяжкіх умовах, калі вакол панавала вайна, знаходзіліся праменьчыкі святла. Для маладога воіна такім стала прысутнасць земляка:на службу ў Афганістан ён трапіў разам з Аляксандрам Бардыга з Бабуніч. Прысутнасць знаёмага чалавека, з якім можна было падзяліцца думкамі, успамінамі пра малую радзму была неацэннай. Два гады службы ў Афганістане  змацавалі іх сяброўства, зрабіўшы яго непарушным і сёння.

Воін-інтэрнацыяналіст  не хавае:  у час службы кожная паездка, кожная аперацыя была звязана з рызыкай, і быў не адзін выпадак, калі неабходна было праяўдляць мужнасць, вынаходлівасць, каб выбрацца з самых складаных сітуацый. Красамоўна пра службу Сяргея Вячаслававча гаворыць мядаль на грудзі “За баявыя заслугі” – доказ  мужнасці, самаадданасці, стойкасці і вернасці абавязку.

– Афганская вайна – гэта мільёны лёсаў, тысячы подзвігаў, невымерны боль страт. Гэта памяць пра тых, хто не вярнуўся, і пра тых, хто, вярнуўшыся, назаўжды застаўся з адбіткам той вайны ў сваёй душы, – працягвае воін- інтэрнацыяналіст. – Радасна ад таго, што сёння, дзякуючы кіраўніку нашай дзяржавы, у краіне забяспечаны мір і бяспека. Што пазіцыя нашага Прэзідэнта цвёрдая – ніводзін беларускі салдат ніколі больш не будзе гінуць на чужыне.

Пасля заканчэння службы Сяргей вярнуўся ў родны Петрыкаў. Тут ён стварыў моцную і шчаслівую сям’ю з дзяўчынай з Дарашэвіч. Муж з жонкай годна выхавалі сына і дачку, сёння радуюцца прадаўжэнню рода – чатыром унукам.

Сяргей Вячаслававіч расказвае, што раней дзеці, а цяпер  унукі з непадробнай цікавасцю слухаюць яго ўспаміны пра Афганістан. Гэта для падрастаючага пакалення своеасаблівыя ўрокі мужнасці, патрыятызму, чалавечнасці і, што самае галоўнае – урокі міру.

А сам наш герой цэніць кожную хвіліну мірнага жыцця, кожны момант, праведзены з блізкімі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о