“І памяць у нашых сэрцах не сатрэцца…”

0
146

У гэтым годзе наша краіна адзначае 80-годдзе Вялікай Перамогі. Ніколі не забудзецца вайна. Нам неабходна шанаваць памяць пра загінуўшых, паважаць тых, хто застаўся жывы, трапятліва ставіцца да ўспамінаў. Праз час не застанецца ніводнага ветэрана, а памяць пра іх павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне.

“І памяць у нашых сэрцах не сатрэцца...”

 

Днямі члены піянерскай арганізацыі, Беларускага Саюза моладзі сабраліся ў школьным музеі на сустрэчу з выпускніком школы, ветэранам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, маёрам запасу Сяргеем Дашкевічам, маім дзядзькам. Ён прынёс з сабою архіўныя дакументы, фатаграфіі, узнагароды дзеда, майго прадзеда – Крупы Фёдара Селівестравіча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнца пасёлка Капаткевічы. Цікавым, змястоўным быў ягоны аповед пра роднага чалавека.
З ліпеня 1944-1945 і 1946 гадах мой прадзед быў старшым інструктарам па размініраванні групы мінёраў – добраахвотнікаў на тэрыторыі калгаса “Ленінская іскра” Капаткевіцкага раёна і Сельскага савета. У жніўні 1941 года да наступлення нямецкіх войскаў раздабыў кулямёт і дзве вінтоўкі, панёс да партызанаў, стаў сувязным дадзенага атрада. Па начах пераводзіў праз лінію фронту мясцовых жыхароў і жывёлу. За гады вайны яго маці тры разы атрымлівала пахаванкі. Першы раз яго злавілі паліцаі, прывязалі да дрэва на польскіх могілках і стрэлілі ў яго. Не забілі, а толькі прастрэлілі ногі. Гэта бачылі яго школьныя таварышы з гарышча дома, якія яго адвязалі і пераправілі ў лес да партызанаў. Другі раз яго кантузіла, і мясцовыя жыхары везлі яго хаваць. Думалі, што ён забіты. Партызаны, якія праязджалі міма, апазналі свайго сувязнога, сталі аглядаць яго: ён быў без прытомнасці, а мясцовыя жыхары падумалі, што ён мёртвы. Трэці раз: пры размініраванні на Дамаху абваліўся абрыў, і мой прадзед разам з мінай упаў у раку, падарваўся, але выжыў. У 1942 годзе ўдзельнічаў у аперацыі “Рэха Палесся” па падрыве чыгуначнага маста даўжынёй 150 метраў над ракой Пціч. Група падрыўнікоў на чале з маім прадзедам заклала звыш 300 кілаграмаў узрыўчаткі і ўзарвала мост. Гэта была стратэгічна важная дарога, якая на 18 сутак выйшла са строю. Пры правядзенні гэтай аперацыі загінула 9 партызан. У 1944 годзе Крупа Фёдар Селівестравіч удзельнічаў у размініраванні маста праз раку Пціч для праходу войскаў Савецкай Арміі. Падчас размініравання ён быў двойчы кантужаны, паранены ў галаву, асколкам міны яму адарвала паўступні на правай назе. За дзень да Перамогі, 8 мая 1945 года, ён быў падарваны на міне пры размініраванні палёў ва ўрочышчы Раманава гало.
Мой прадзед З 1941 года па 1946 год размініраваў (абясшкодзіў, зняў, знішчыў) 9000 мін розных тыпаў. Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені і юбілейнымі медалямі. З 1944 па 1946 год у склад групы мінёраў — падрыўнікоў па абясшкоджванні мін, снарадаў уваходзіў і яго старэйшы брат – Крупа Мікалай Селівестравіч, які, паводле наяўных архіўных дакументаў, абясшкодзіў, знішчыў, размініраваў 5320 мін. Даведкі захоўваюцца ў школьным музеі гісторыі Капаткевіч.
Сяргей Віктаравіч паказаў прысутным узнагароды, ордэны, успамінаў гісторыі, расказаныя дзедам, успамінаў вайсковую службу, гаварыў аб сваёй дзейнасці ў складзе пошукавага руху СНД.
Подзвігі прадзедаў – гэта крылы для нас, унукаў, праўнукаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, крыніца нашай жыццеўстойлівасці. Хай не сатрэцца ў нашых сэрцах памяць аб салдатах Перамогі.

Паліна ДАШКЕВІЧ, навучэнка 7 “Б” класа
ДУА “Капаткевіцкая сярэдняя школа”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о