25 чэрвеня Гомель стаў чарговым беларускім горадам, які ўрачыста сустрэў пасажыраў “Цягніка Памяці”.
200 юных прадстаўнікоў народаў, якія разам змагаліся і перамаглі ў барацьбе з нямецкім фашызмам, ужо пабывалі ў Брэсце, Гродне, Мінску. Сярод тых, хто сустракаў нашчадкаў пераможцаў на гомельскай зямлі – член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Людміла Сапега.
“Не будзе перабольшаннем сказаць, што “Цягнік Памяці”, на якім едуць юнакі і дзяўчаты ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі, рухаецца па рэйках гісторыі. Падчас кожнага прыпынку ўдзельнікі гэтага знакавага праекта наведваюць месцы баявой і працоўнай славы іх продкаў, даведваюцца пра тое, як нашы дзяды і прадзеды супрацьстаялі ворагу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У Гомелі, напрыклад, яны наведалі знакамітую “Партызанскую крынічку”, дзе на свае вочы ўбачылі, у якіх умовах беларускія партызаны грамілі ненавісных захопнікаў. Пабывалі яны і на гарадскіх прадпрыемствах, на аб’ектах культуры, азнаёміліся з тымі дасягненнямі, якіх гамяльчане дабіліся за гады незалежнасці Беларусі.
Галоўнае, каб яны ўсёй душой, усім сэрцам увабралі ўбачанае і пачутае. І па завяршэнні акцыі расказалі пра гэта сваім аднагодкам, сябрам і блізкім. Таму што ахвяры, прынесеныя беларускім народам на алтар агульнай Перамогі, не могуць быць марнымі, святая памяць пра герояў-пераможцаў павінна і будзе жыць у вяках”, – адзначыла парламентарый.
Галіна КАЗАК, фота “ГП”.
Оставить комментарий