У суботу, 17 жніўня, у аграгарадку Ляскавічы прайшоў традыцыйны, VIII Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. Давайце згадаем яскравыя і цёплыя моманты свята.
З ранку гасцей фестывалю віталі тэматычныя пляцоўкі, майстар-класы рамеснікаў, гандлёвыя кропкі і, вядома, выступленні фальклорных аматарскіх калектываў.
Далей распачалося адкрыццё фестывалю. Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў з галоўнай сцэны прывітальны адрас ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. “За гады існавання гэты самабытны фальклорны форум стаў значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Фестываль беражліва захоўвае спадчыну продкаў, далучае да каштоўнага нацыянальнага багацця і садзейнічае ўмацаванню добрасуседскіх сувязей і сяброўства. Яго мерапрыемствы праходзяць з нязменным поспехам і адрозніваюцца глыбокай эмацыйнасцю”, – адзначыў Аляксандр Рыгоравіч.
Нацыянальны лідар выказаў упэўненасць, што культурная падзея і на гэты раз атрымаецца яркай і незабыўнай, падорыць жыхарам і гасцям Палесся цёплыя эмоцыі і незабыўныя ўражанні.
Імпрэза працягнулася агалошваннем асоб, якія атрымалі званне “Ганаровы паляшук”. Сімвалічныя статуэткі за істотны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае і грамадска-культурнае развіццё Прыпяцкага Палесся атрымалі намеснік прэм’ер-міністра Анатолій Сівак, начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык, генеральны дырэктар РУВП “Граніт” Эдуард Гаўрылковіч.
Пасля феерычнага выступлення, дзе артысты паказалі спрадвечныя святы розных сезонаў народнага календара і сямейнай абраднасці, гасцей фестывалю чакалі падворкі палескіх рэгіёнаў – якія, працягваючы галоўную канцэптуальную задуму мерапрыемства, знаёмілі наведвальнікаў з традыцыямі палешукоў. Так, Петрыкаўшчына прэзентавала традыцыйны абраз Хрэсьбін з хлебам-соллю для дарагіх гасцей, сярод якіх разам з намеснікам прэм’ер-міністра Ігарам Петрышэнкам, губернатарамі Гомельшчыны і Брэстчыны Іванам Крупко і Пятром Пархомчыкам, старшынёй райвыканкама Аляксандрам Верамеевым была дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько. Абрад прайшоў з захаваннем усіх традыцый: біццём пасудзіны з кашаю аб кут стала і пакладаннем аскепкаў гаршку на галаву дзяўчынам “на выдані”, каб у іх будучым сем’ях нарадзілася многа дзетак, як і ў гаспадароў сядзібы.
Мерапрыемствы працягнуліся, і кожны наведвальнік Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” меў магчымасць знайсці сабе забаву па душы: ад сілавых відаў спорту на пляцоўцы “Самы моцны паляшук”, да сапраўднага лагеру гістарычных рэканструктараў “Беларусь старажытная”.
Далей, на галоўнай сцэне этнафэсту старшынямі аблвыкан-камаў Іванам Крупко і Пятром Пархомчыкам былі ўручаныя дыпломы кіраўнікам тых рэгіёнаў і устаноў, што зрабілі значны ўнёсак ў захаванне спрадвечных традыцый на Палессі. Станоўча адзначыць, што землякі паднімаліся на сцэну двойчы: узнагароду Петрыкаўскаму раёну атрымаў старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў і, канешне, адзначана была і ўстанова – галоўны арганізатар фестывалю Нацыянальны парк “Прыпяцкі” – узнагароду атрымаў генеральны дырэктар нацпарку Юрый Апановіч.
Вядома, народныя гулянні працягваліся да позняга часу. Забаўлялі прысутных вядомымі народнымі, стылізаванымі фальклорнымі кампазіцыямі і эстраднымі хітамі артысты з усіх куткоў нашай краіны.
Напрыканцы падобных мерапрыемстваў журналісты часцяком кажуць, маўляў, адгрымеў фестываль. Мне ж здаецца, што наш “Кліч Палесся” сакавіта прагучаў тымі народнымі матывамі і застаўся ў памяці вяртаннем да спрадвечных каранёў зямлі Палескай.
Сустрэнемся праз два гады, даражэнькія!
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий