Паказчыкі прагнозу і бюджэт раёна на 2025 год зацверджаны

0
439

Выніковае ў 2024 годзе пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта прайшло на гэтым тыдні пад старшынствам кіраўніка раёна Аляксандра Верамеева.

На разгляд і абмеркаванне былі вынесены наступныя пытанні: аб паказчыках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Петрыкаўскага раёна на 2025 год; аб праекце раённага бюджэту на 2025 год, аб эфектыўнасці прыманых мер, накіраваных на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, і вынікі работы па правядзенні праграмы “Мак” на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна; аб эфектыўнасці дзейнасці рэдакцыі газеты “Петрыкаўскія навіны”.
Станоўчую дынаміку ў сацыяльна-эканамічным развіцці Петрыкаўшчыны, згодна праекту рашэння аблвыканкама, прызвана забяспечыць выкананне даведзеных паказчыкаў прагнозу і заданняў. Так, раёну ўстаноўлены паказчык па росце намінальнай налічанай сярэднемесячнай заработнай плаце ў памеры 110,5%. Як адзначыла ў сваім дакладзе намеснік кіраўніка раёна Аляксандра Янчанкава, выкананне паказчыка прасочваецца па ўсіх сферах. Старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў у чарговы раз нагадаў кіраўнікам устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, што пытанні рэальнай заработнай платы і павелічэнне даходаў насельніцтва застаюцца ў ліку важных і надзённых.
Што да інвестыцый у асноўны капітал, то ў 2025 годзе на тэрыторыі раёна плануюцца да рэалізацыі некалькі буйных праектаў. Так, сярод інвестпраектаў – аб’екты Петрыкаўскага РУ ААТ “Беларуськалій”: павярхоўны комплекс, расоласховішча карта №2; руднік, гарызонт “-580м” – развіццё напрамкаў – другая чарга. Асноўны інфраструктурны праект, які плануе ажыццяўляць ААТ “Беларуськалій” – будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Петрыкаве.
Інвестыцыі ў сельскай гаспадарцы запланаваны па такіх накірунках як меліярацыя, фарміраванне асноўнага статка, закупка машын і абсталявання.
Плануецца рэалізацыя інвестпраекта на базе ААТ “Чалюшчавічы” – будаўніцтва адкормачнай пляцоўкі на 1300 галоў і двух шатроў па 600 галоў пад клеткі-домікі для маладняка БРЖ ад 0 да 3-х месяцаў і ад 3-х да 6-ці месяцаў.
Што да паказчыка вытворчасці прадукцыі ў сельскай гаспадарцы, то ён устаноўлены ў памеры 108,5%. Нямала, як адзначыў Аляксандр Верамееў, аднак з улікам сёлетніх напрацовак галіны – рэальна, калі падысці да справы з усёй адказнасцю і спрацаваць як след.
– Задачы, пастаўленыя абласным выканаўчым камітэтам, павінны быць выкананы, бо яны накіраваны, у першую чаргу, на паляпшэнне дабрабыту насельніцтва раёна, – падкрэсліў Аляксандр Верамееў.
Паказчык рознічнага тавараабароту ў мінулым годзе выкананы, спрацаваць атрымалася на 105%. На 2025 год даведзены паказчык у памеры 104,7%. Па інфармацыі намесніка старшыні Аляксандры Янчанкавай, выконваць паказчык плануецца за кошт пашырэння гандлёвай сеткі, шляхам адкрыцця новых гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку на базе маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, за кошт развіцця дзеючых прыватных суб’ектаў гандлю, спажывецкай кааперацыі, а таксама прыцягнення ў раён новых суб’ектаў гандлю – прадстаўнікоў буйных гандлёвых сетак, арганізацый-вытворцаў.
Таксама ў 2025 годзе плануецца правесці больш за 50 кірмашовых тэматычных мерапрыемстваў (школьныя, сельскагаспадарчыя, калядныя і навагоднія) і мерапрыемстваў стымулюючага характару: прадастаўленне зніжак, правядзенне акцый па зніжэнні цэн на тавары.
Як зазначыў у час пасяджэння Аляксандр Верамееў, каб атрымаць добры вынік, варта кожнаму кіраўніку ў поўнай меры выкарыстаць магчымасці свайго прадпрыемства.
– Усе даведзеныя прагнозныя паказчыкі і заданні ўжо ўключаны ў план сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці і Петрыкаўшчына павінна ўнесці свой годны ўклад у агульную капілку поспеху, – рэзюмаваў кіраўнік раёна.
Пры абмеркаванні праекту бюджэту на 2025 год, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Валянціна Вашкевіч паведаміла, што захоўваецца яго сацыяльная накіраванасць.
Удзельная вага галін сацыяльнай сферы ў расходах раённага бюджэту складзе 76,9 %.
Расходы на ахову здароўя вызначаны ў памеры 22657,6 тысяч рублёў. Удзельная вага галіны ў агульных расходах раённага бю-джэту на 2025 год – 24%.
Забеспячэнне функцыянавання галіны “Культура” ў агульных расходах раённага бюджэту складзе 4,6 %.
Выдаткі на адукацыю прадугледжваюцца ў памеры 43,8 % ад агульных расходаў раённага бюджэту.
Расходы бюджэту на сацыяльную палітыку на 2025 год прадугледжаны ў памеры 5,9% ад агульных расходаў.
На выплату дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця плануецца накіраваць 763,6 тысячы рублёў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о