Не так даўно ў рэдакцыю “Петрыкаўскіх навін” патэлефанавалі педагогі Брынёўскай сярэдняй школы з прыемнай нагоды: 80-годзе адзначае ветэран педагагічнай працы Уладзімір Стракач. Прыехалі на сустрэчу і зразумелі, што герояў артыкула будзе два – юбіляр і яго жонка Ганна Мікалаеўна: сямейная пара вельмі гарманічна дапаўняе адзін аднаго ва ўчынках, думках і справах. І не дзіўна – разам ідуць па жыцці 55 гадоў.
Уладзімір Іосіфавіч чалавек з няпростым лёсам. Слухаючы яго жыццёвы аповед, у чарговы раз пераконваешся: беларускі народ непамерна моцны духам. Сам герой родам з Аголічаў. На свет з’явіцца яму выпала ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Германіі. Тое, што яго маці вынасіла пад сэрцам дзіця ў тых умовах – было цудам. Бацькі суразмоўцы ў сорак першым толькі стварылі сям’ю. Бацька адразу пайшоў у партызаны, а маці з другімі вяскоўцамі давялося хавацца па лясах – немцы жорстка абыходзіліся з роднымі партызан. У адну з фашысцкіх аблаў у куранях пад Міхедавічамі маладую жанчыну, нягледзячы на тое, што яна была цяжарная на шостым месяцы, забралі ў палон. Пагналі ў Капцэвічы, пагрузілі ў вагоны і павезлі ў Германію. Праз гады маці расказвала сыну, што па дарозе яе дапытвалі пра партызан, вялі сябе груба і бесчалавечна. Жанчына, каб застацца жывой і нарадзіць дзіця, сказала, што яе муж загінуў. На чужыне жыла ў бараку, днём разбірала завалы і нараўне з усімі насіла грузы. Калі нарадзіўся хлопчык, два тыдні ёй дазволілі “адпачыць”, затым з дзіцём выходзіла на працу.
Пасля Перамогі маці з сынам прыехалі ў Аголічы. Бацька апошнія гады ваяваў на фронце, дайшоў да Варшавы і ўдзельнічаў ў парадзе Перамогі ў Маскве.
Тэма гераізму беларускага народа ў часы ваеннага ліхалецця – адна з важных у сям’і Стракач. Нездарма іх унук на святкаванні ў Мінску гадавіны Дня Перамогі, трымаў партрэт прадзеда, удзельніка Вялікай Айчыннай. Хвалюючым і сімвалічным для Уладзіміра Іосіфавіча, малалетняга вязня, стала ўручэнне яму ў гэтым месяцы медаля “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
– У мірны час наша сям’я жыла ў Аголічах. Я закончыў школу і пайшоў працаваць у калгас. Сказаць па праўдзе – марыў з юнацтва стаць настаўнікам. Але неяк не хапіла рашучасці для рэалізацыі мары. Паступіў у сельгасакадэмію на завочную форму навучання. Быў актывістам грамадскага жыцця, – успамінае суразмоўца. – І вось выпадак: у 1968 годзе мне прапанавалі папрацаваць у Мардзвінскай школе – не хапала настаўнікаў. Я згадзіўся і хутка зразумеў: вось гэта маё. У Мардзвіне я пазнаёміўся з настаўніцай матэматыкі, сваёй другой паловай, якая і праз паўвека сумеснага жыцця побач са мною.
Малая радзіма Ганны Мікалаеўны – Брынёў. Сюды бацькі, маладыя педагогі, прыехалі на працу. У гэты ж дзень пачалася Вялікая Айчынная. У тыя страшныя гады яны вельмі падарвалі сваё здароўе. Бацька прайшоў праз ваенны палон у Германіі, а маці давялося хавацца ад акупантаў у сцюдзёнай вадзе, пасля чаго пачаліся праблемы з нагамі. Хоць нарадзілася гераіня пасля вайны, лёгкім яе дзяцінства не назавеш. Яна заўсёды старалася як мага больш дапамагчы бацькам з гаспадаркай, на агародзе. З ранняга ўзросту праяўляла цікавасць да навукі. Але калі заканчвала школу, нягледзячы на тое, што расла ў сям’і педагогаў, паддалася на ўгаворы сябровак набыць тэхнічную адукацыю ў Ленінградзе. Праўда, хутка зразумела, што выбрала не той шлях. Даведалася, што ў Мардзвінскую школу патрэбны настаўнік матэматыкі. Паехала на субяседаванне і яе прынялі. Так лёс звёў яе з будучым мужам.
Ганна Мікалаеўна прызнаецца – з малой радзімай у яе непарыўная сувязь. Гэта стала адной з прычын прыезду педагогаў у яе родную вёску. Работа ў Брынёўскай сярэдняй школе – асаблівая тэма для суразмоўцаў. Абодва атрымалі вышэйшыя адукацыі: Уладзімір Іосіфавіч – настаўніка геаграфіі і біялогіі, Ганна Мікалаеўна – матэматыкі. Усё прафесійнае жыццё аддалі яны мясцовай установе адукацыі. Муж з жонкаю расказваюць пра былых калег, вучняў з павагай, любоўю і, як мне падалося, з настальгіяй. Успамінаюць, як некалі пад кіраўніцтвам дырэктара школы Рыгора Фёдаравіча Ганчара педагогі адважваліся на эксперыментальныя пляцоўкі. Разам з вучнямі, якіх было каля чатырохсот, адкрывалі ў летні перыяд брыгады па раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Вялікая адказнасць лажылася і на нашага героя, які сямнаццаць гадоў адпрацаваў намеснікам дырэктара.
– Нам вельмі прыемна, што ветэраны педагагічнай працы, жыхары Брынёва не забытыя новым пакаленнем настаўнікаў і вучняў. Значыць, мы выхоўвалі моладзь на правільных поглядах, – дзеліцца мужчына. – Мы адсочваем жыццё нашай школы і нас вельмі радуе, што сучаснае пакаленне “трымае марку”, зададзеную ветэранамі працы.
Мае героі – паважаныя на Петрыкаўшчыне людзі. Выпусцілі “ў жыццё” са сцен школы не адно пакаленне юнакоў і дзяўчат. Годна выхавалі і сваіх дачок. Галіна і Іна пайшлі сваім прафесійным шляхам і выбралі для атрымання вышэйшай адукацыі эканамічны інстытут і інстытут транспарту. Жывуць і працуюць у Гомелі. Унук – студэнт сталічнага ўніверсітэта інфарматыкі і электронікі. Юнак выдатнік і спартсмен. Родныя пры любой магчымасці наведваюць нашых герояў, каб дапамагчы, пабачыць, пачуць іх мудрыя парады.
А яшчэ з Уладзімірам Іосіфавічам і Ганнай Мікалаеўнай утульна і спакойна. Седзячы ў прыгожай альтанцы і адчуваючы на сабе іх гасціннасць, мне падумалася: харошым людзям і адпаведныя адносіны навакольных.
Жадаем вам, паважаныя, усяго толькі самага чыстага, добрага і прыгожага!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий