Прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб на базе Капаткевіцкага сельскага выканаўчага камітэта правёў на гэтым тыдні старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.
На прыём да кіраўніка раёна запісаліся гарпасялкоўцы па хвалюючых і надзённых для жыхароў населенага пункта пытаннях. Так, з калектыўным зваротам да старшыні завіталі жыхары вуліцы Калініна. Перш чым агучыць пытанні, з якімі запісаліся на прыём, заяўнікі падзякавалі кіраўніку раёна за праведзеныя маштабныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні Капаткевічаў. Што да пытанняў, то мясцовых жыхароў непакоіць стан дарожнага пакрыцця на вуліцы, дзе яны пражываюць, а таксама арганізацыя месцаў для збору і вывазу смецця, добраўпарадкаванне прыватнага сектару гарадскога пасёлка.
Па ўсіх агучаных на прыёме пытаннях адбыўся канструктыўны дыялог. Так, прысутныя на сустрэчы кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама і арганізацый, у чыёй кампетэнцыі ўзнятыя пытанні, давалі тлумачэнні, вынікам разгляду якіх сталі прыняты кіраўніком раёна рашэнні.
Так, вуліца Калініна ў бліжэйшы час пры спрыяльных умовах надвор’я будзе падсыпана і прагрэйдзіравана, асфальтаванне яе пакуль не плануецца. Дадзена даручэнне сельвыканкаму сумесна з грамадзянамі да канца лютага навесці парадак у зоне драўняна-хмызняковай расліннасці на ўчастку, што прылягае да вуліцы Калініна.
Па іншых пытаннях заяўнікоў дадзены тлумачэнні ў час прыёму.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий