Прыгожую дату, 80-гадовы юбілей з дня нараджэння, адзначыў на гэтым тыдні Ганаровы грамадзянін Петрыкаўскага раёна Анатолій Васільевіч Панамарэнка.
Анатоль Васільевіч – чалавек, які ўнёс значны ўклад у развіццё раёна, рэгіёна і ўсёй галіны меліярацыі, якой аддана служыў на працягу ўсяго прафесійнага жыцця.
У дзень юбілею сваю павагу і ўдзячнасць Ганароваму грамадзяніну Петрыкаўшчыны прыйшлі выказаць кіраўніцтва раёна і былыя калегі.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў, звяртаючыся да юбіляра, адзначыў:
– Юбілей – цудоўная магчымасць даць ацэнку ўласнаму жыццю. Што да Вас, паважаны Анатолій Васільевіч, то той уклад, які асабіста Вы ўнеслі ў развіццё меліярацыі на Петрыкаўшчыне, пераацаніць немагчыма. Шчыры дзякуй за сумленную працу і тую добрую спадчыну, якую Вы пакінулі ўсім нам.
Да слоў віншаванняў далучыліся першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алег Козінец, дырэктар Петрыкаўскага ПМС Аляксей Крупіневіч, старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Вадзім Палтаран.
Безліч добрых слоў і шчырых пажаданняў гучала ў гэты дзень у адрас юбіляра. Аднак пры ўсёй незлічонай колькасці сваіх заслуг перад галіной і малой радзімай, Анатолій Васільевіч, будучы чалавекам надзвычай сціплым, гаворыць пра іх так: нічога асаблівага, працавалі самааддана, з душой і на вынік. Што да якаснай і выніковай працы калектыва, то яна, бясспрэчна, крыецца ў граматным і спланаваным кіраўнічым падыходзе Анатолія Васільевіча. І аўтарытэт у калег, і павагу сярод насельніцтва раёна, а таксама падзяку ад кіраўніцтва СССР наш юбіляр заслужыў дзякуючы асабістым і прафесійным якасцям.
У час плённага прафесійнага жыцця наш герой знаходзіў час і на грамадскую работу, неаднаразова абіраўся дэпутатам Савета розных узроўняў, дбаў не толькі пра росквіт уласнага прадпрыемства і дабрабыт сваіх работнікаў, але і пра жыццё раёна, яго развіццё.
Ураджэнец Украінскай ССР, ён аднойчы і назаўсёды звязаў сваё жыццё з Петрыкаўшчынай.
Пасля заканчэння Прылужскага гідратэхнікума наш герой працаўладкаваўся майстрам Капаткевіцкага БМУ. Актыўнага і граматнага маладога чалавека начальства заўважыла і ўжо праз год за добрасумленнае стаўленне да працы прызначыла на пасаду старшага прараба. Праз пэўны час наш герой ужо галоўны інжынер, а пасля і кіраўнік Петрыкаўскага ПМС.
Згадваючы свой працоўны шлях, Анатолій Васільевіч адзначыў:
– Пачатак маёй прафесійнай дзейнасці ў ПМК-13 – гэта быў перыяд, калі меліярацыі Палесся надавалася сур’ёзная ўвага на ўзроўні дзяржавы, дзейнічалі адпаведныя праграмы развіцця галіны, а мы падпарадкоўваліся непасрэдна Міністэрству меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР. Прадпрыемства наша актыўна развівалася і ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў калектыве калоны налічвалася больш за 250 працаўнікоў, было вельмі шмат сучаснай спецыялізаванай тэхнікі.
Сваімі сіламі ўмацоўвалі матэрыяльна-тэхнічную базу прадпрыемства: быў праведзены якасны рамонт бытавых памяшканняў, спартыўнага пакоя, пакоя прыёму ежы, майстэрняў, перапрафіляваны будынак былой канторы ў сталовую на 60 пасадачных месцаў, у якой, што вельмі радуе, і зараз праводзяцца ўрачыстасці і іншыя мерапрыемствы.
– Прыемна ўзгадаць, што менавіта сіламі нашага прадпрыемства былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 30-ці кватэрны жылы дом па вуліцы Карла Маркса, 33 і дзіцячы сад-яслі № 7. Між іншым яшчэ больш за 15 жылых дамоў былі пабудаваны гаспадарчым спосабам у Петрыкаве і 167 кватэр на тэрыторыі раёна.
Будуючы для горада і раёна, не пакідалі без увагі і хвалюючае кватэрнае пытанне сваіх работнікаў. Практычна ўсе маючыя патрэбу ў квадратных метрах былі забяспечаны жыллём. Ды і заробак па тым часе на нашым прадпрыемстве быў адным з высокіх у раёне. Годна паўплывалі мы на сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага рэгіёна, – не без гонару зазначыў наш суразмоўца.
Што да ўзнагарод, то іх за час працы было нямала, прычым, самага высокага ўзроўню. Так, у 1986 годзе за высокія паказчыкі ў працоўнай дзейнасці Анатолій Васільевіч быў адзначаны медалём Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. У тым жа го-дзе калектыў быў узнагароджаны Усесаюзным пераходным Чырвоным Сцягам. А яшчэ праз два гады менавіта Петрыкаўскае МУААС перамагло ва Усесаюзным галіновым сацыялістычным спаборніцтве.
У 2012 годзе наш герой адзначаны медалём “Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь”, а ў 2023 го-дзе з нагоды 500-гадовага юбілею горада яму прысуджана пачэснае званне “Ганаровы грамадзянін Петрыкаўскага раёна”.
Сёння Анатолій Васільевіч шчаслівы муж, са сваёй каханай Зінаідай Якаўлеўнай разам ужо 57-мы год. А яшчэ, па шчырым перакананні самых малодшых прадстаўнікоў сям’і, ён самы клапатлівы і любячы дзядуля і прадзядуля.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да ўсіх пажаданняў у адрас юбіляра і жадае доўгага шчаслівага жыцця побач з роднымі любячымі людзьмі.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий