Пціцкі сельскі Савет па выніках штогадовага конкурсу сярод гарадскіх, сельскіх, пасялковых Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання вобласці па вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва ў ліку лепшых сельсаветаў Гомельшчыны.
У рамках выязной сесіі абласнога Савета дэпутатаў, якая на мінулым тыдні прайшла ў Калінкавіцкім раёне і была прысвечана тэме рэалізацыі дзяржпраграмы “Беларусь гасцінная”, прайшло падвя-дзенне вынікаў традыцыйнага штогадовага конкурсу сярод гарадскіх, сельскіх, пасялковых Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Гомельскай вобласці па вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва. У намінацыі “Лепшы сельскі Савет дэпутатаў” у групе з колькасцю насельніцтва ад 1100 да 1500 чалавек дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны Пціцкі сельскі Савет.
Варта адзначыць, што высокую ацэнку сёлета атрымала дзейнасць Пціцкага сельвыканкама і на ўзроўні раёна. Так, па выніках раённых спаборніцтваў за дасягненне найлепшых паказчыкаў у вытворчасці і сацыяльнай сферы сярод працоўных калектываў, работнікаў асноўных прафесій у 2023 годзе сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў лепшым прызнаны Пціцкі сельскі Савет.
Працоўны калектыў сельвыканкама і яго старшыня Ганна Пырко высокай узнагародай ганараваны за дасягненне найлепшых паказчыкаў у рабоце па добраўпарад-каванні і навядзенні санітарнага парадку ў населеных пунктах, арганізацыі работы назіральных камісій па прафілактыцы правапарушэнняў, а таксама па падтрыманні дзяржаўных сацыяльных стандартаў на падведамаснай тэрыторыі.
Як неаднаразова зазначаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер, працоўнымі калектывамі сельвыканкамаў раёна пытанню добраўпарадкавання і навядзення санітарнага парадку надаецца першачарговае значэнне і гэта невыпадкова: прывабны знешні выгляд населенага пункта з’яўляецца важным аргументам пры прыняцці чалавекам рашэння абраць яго месцам свайго сталага жыхарства ці набыць тут дачны ўчастак. “У тых жа сельвыканкамах, дзе да гэтай работы актыўна далучаюцца мясцовыя жыхары, – паказчыкі самыя высокія”, – перакананы Віталій Пілер.
– Кожнаму з нас прыемна жыць ва ўтульным, дагледжаным месцы, добранадзейным у плане грамадскай бяспекі, перспектыўным у пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, таму на забеспячэнне санітарнага парадку ў населеных пунктах сельвыканкама, арганізацыю работы назіральных камісій па прафілактыцы правапарушэнняў і накіравана штодня наша работа, – адзначыла ў час размовы старшыня Пціцкага сельвыканкама Ганна Пырко.
У пытанні работы з грамадзянамі, як паведаміла Ганна Пятроўна, дасягнута паразуменне: землякі ў пераважнай сваёй большасці – дбайныя гаспадары, таму актыўна вядзецца работа па навядзенню парадку на прыватных падворках і прыдамавых тэрыторыях. Што да пустуючых дамоў, то ў нашым сельскім Савеце гэта пытанне не стаіць востра. За папярэднія некалькі гадоў зроблена нямала: актыўная праца са спадчыннікамі з іншых населеных пунктаў краіны (як вядома, менавіта яны – слабае месца ў любым сельвыканкаме) дала вынік – домаўладанні падтрымліваюцца ў належным стане і чакаюць свайго пакупніка. Людзі добра разумеюць, што сельскім Саветам не ставіцца за мэту знесці як мага больш дамоў, наша задача – падтрымліваць парадак у населеных пунктах і на земляк агульнага карыстання.
Што да апошняга, то тут вельмі важная сумесная зладжаная работа мясцовай улады з кіраўнікамі арганізацый, старастамі населеных пунктаў і дэпутатамі сельскага Савета. У нас такая работа наладжана.
– Маючы падтрымку жыхароў усіх населеных пунктаў Пціцкага сельскага савета, абапіраючыся на дапамогу замацаваных арганізацый, мы разам робім наша жыццё ва ўсіх сэнсах больш якасным. Прамы доказ гэтаму – наша агульная ўзнагарода. Аднак мы не збіраемся, што называецца, “пачываць на лаўрах”, і на гэты год, які абвешчаны ў нашай краіне Годам якасці, нашым сельскім Саветам запланавана нямала мерапрыемстваў па далейшым добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Мы ўпэўнены: паўсюдны парадак – задача рэальная, – дадала ў завяршэнні размовы Ганна Пятроўна.
Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий