Паўнавартасна, цікава і з карысцю

0
270

Хутка ва ўстановах адукацыі стартуе летняя аздараўленчая кампанія. Што запланавана на Петрыкаўшчыне для арганізацыі вольнага часу навучэнцаў у канікулярны перыяд мы даведаліся ў аддзеле адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама.

Паўнавартасна, цікава і з карысцю
Выхаванцы леташняга палатачнага лагера ДЮСШ

– Летняя кампанія 2024 на Петрыкаўшчыне арганізавана па наступных напрамках: работа аздараўленчых, спартыўных, турыстычных лагераў, лагераў працы і адпачынку. 811 вучняў пройдуць аздараўленне на базе ўстаноў адукацыі, – падзялілася галоўны спецыяліст Алена Гапонава.

Алена Аляксандраўна адзначыла, што большая колькасць вучняў і іх законных прадстаўнікоў выказалі жаданне наведваць прышкольныя аздараўленчыя лагеры дзённага знаходжання – такіх адкрыецца ў летні час 27. На іх базе будуць рэалізоўвацца міжведамасныя праграмы сумесна з сектарам культуры, РАНС, РАУС, ваенным камісарыятам, ЦРБ. У канікулярны перыяд будуць функцыяніраваць 10 лагераў працы і адпачынку у супрацоў-ніцтве з сельгасарганізацыямі, Перыкаўскім райжылкамгасам, упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама, Нацыянальным паркам “Прыпяцкі”. Было адзначана, што асабліва актыўна школы для часовай занятасці сваіх падапечных узаемадзейнічаюць з упраўленнем па працы. Сёлета для гэтых мэт Фондам выдзелена 35 тысяч рублёў. Падлеткамі будуць выкананы такія віды работ, як стварэнне стэндаў, швейных вырабаў, рамонт кніжак і школьнай мэблі. Лагеры працы і адпачынку – добрая магчымасць не толькі бавіць час разам з равеснікамі, а і зарабіць грошы.

Раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі адкрые інклюзіўную змену для дзяцей-інвалідаў, дзе педагогі створаць спецыяльныя ўмовы для навучання зносінам з навакольным светам. Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа для прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця прапануе 4 змены, 2-е з якіх – палатачныя лагеры. Таксама на Петрыкаўшчыне будуць дзейнічаць 6 турыстычных лагераў. Да гэтага віду адпачынку штогод праяўляюць цікавасць аматары вывучэння гісторыі, прыроды роднага краю.

Суразмоўца адзначыла, што на працягу ўсіх летніх месяцаў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі будзе арганізавана работа гульнявых, спартыўных, культурна-масавых пляцовак з пераменным саставам дзяцей, як у ранішні, так і вячэрні час, работа камп’ютэрных класаў, бібліятэк, спартыўных залаў. Так праводзіць свой вольны час плануюць каля дзвюх тысяч навучэнцаў.

Трэба адзначыць, што каля сотні непаўналетніх выказалі жаданне паспрабаваць свае сілы ў сямі студэнцкіх атрадах, якія будуць функцыяніраваць у летні перыяд. Прычым сферы дзейнасці разнастайныя: сельгаспрадпрыемствы, лясная, камунальная гаспадаркі.

– Сумесная работа педагогаў, бацькоў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна дазволіць нашым дзецям якасна аздаравіцца і незабыўна адпачыць з карысцю для сябе і грамадства, – упэўнена Алена Гапонава.

Запісала Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о