Прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб на гэтым тыдні правёў старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.
На прыём да кіраўніка раёна жыхары Петрыкаўшчыны звярнуліся па пытаннях адкрыцця прытулку для бадзяжых жывёл у гарадскім пасёлку Капаткевічы, арганізацыі дарожнага руху, у прыватнасці, размяшчэнне пешаходнага пераходу на адной з адрамантаваных вуліц гарпасёлка, а таксама функцыянавання меліярацыйнага канала ў перыяд вясновага ўзняцця грунтовых вод.
Кіраўнік раёна выслухаў заяўнікоў, дэталёва разабраўся ў кожнай сітуацыі, даў неабходныя тлумачэнні грамадзянам, адказным службам – адпаведныя даручэнні.
У гэты ж дзень на базе Галубіцкага сельскага Савета старшыня раённага выканаўчага камітэта правёў і выязны прыём.
Да кіраўніка раёна звярнуліся два мясцовыя жыхары.
Так, жанчыну хвалюе пытанне падключэнне электрычнага ацяплення да кватэры шматкватэрнага дома. На прапанову пачакаць, дом запланавана ўключыць у графік на 2026 год, жанчына адказала адмовай – заяўніца гатова ўзяць на сябе неабходныя выдаткі, каб паскорыць працэс і ўжо ў гэтую зіму ўвайсці з электраацяпленнем.
Жанчыне патлумачаны алгарытм яе дзеянняў, адказнымі службамі пытанне прынята да вырашэння.
Мужчыну непакоіць стан дарог па вуліцах Маладзёжная і Набярэжная. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Дзягцяр, старшыня сельвыканкама Уладзімір Аляксандраў і заяўнік пасля прыёму ў старшыні райвыканкама выехалі на пазначаныя ў звароце вуліцы, каб даць ацэнку стану дарожнага пакрыцця. Рашэнне прынята на месцы: на Маладзёжнай і Набярэжнай вуліцах будзе праведзена падсыпка і грэйдзіраванне.
Усе пытанні, з якімі звярнуліся ў дзень прыёму да старшыні райвыканкама Аляксандра Верамеева, разгледжаны з удзелам зацікаўленых і адказных асоб. Падобная практыка дазваляе сітуацыю бачыць рознабакова, а рашэнне прымаць у межах дзеючага заканадаўства.
Як пазначыў па завяршэнні прыёму нашаму карэспандэнту кіраўнік раёна, пражыць жыццё без праблем немагчыма, і спрэчныя сітуацыі часам здараюцца, аднак задача ўлады – звесці да мінімуму падобныя з’явы і зрабіць жыццё людзей камфортным.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий