12 верасня, трынаццаць гадоў таму, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны Указ № 409 “Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”.
Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі з начальнікам Петрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Георгіем Верашчаковым пра крымінагеннае становішча, злачынствы, ахвярамі якіх становяцца жыхары Петрыкаўшчыны, расследаванне крымінальных спраў.
– Георгій Валер’евіч, раскажыце, калі ласка, з чым сутыкнулася раённае следства ў бягучым годзе?
– Крымінагеннае становішча, якое складваецца на тэрыторыі раёна ў 2024 годзе, характарызуецца ростам агульнай колькасці зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, колькасць якіх склала 32 супраць 9-ці за аналагічны перыяд мінулага года.
Разам з тым, адзначанае павелічэнне не ўяўляе сур’ёзнай грамадскай небяспекі. За 8 месяцаў бягучага года следчымі перададзена пракурору для накіравання ў суд 72-ве крымінальныя справы, па шэрагу з якіх забяспечана кампенсацыя ўрону, нанесенага злачынцамі, на суму больш чым 80 тысяч рублёў, таксама забяспечана выплата даходу, атрыманага вінаватымі злачынным шляхам, на суму больш за 90 тысяч рублёў.
Акрамя гэтага, следчымі на пастаяннай аснове праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы злачынстваў, выяўленні прычын і ўмоў іх учынення. Найбольш інтэнсіўна вядуцца работы па прафілактыцы кіберзлачынстваў, а гэта накіраванне інфармацыйных лістоў ва ўстановы і прадпрыемствы раёна, гутаркі ў працоўных калектывах, размяшчэнне інфармацыі ў СМІ, у якіх мы асвятляем новыя спосабы ўчынення злачынстваў гэтай катэгорыі, даводзім да грамадзян асноўныя патрабаванні па захаванасці іх персанальных дадзеных, засяроджваем увагу на недапушчэнні перадачы рэквізітаў асабістых банкаўскіх карт, аўтэнты-фікацыйных дадзеных для доступу да банкаўскіх рахункаў, зместу sms-паведамленняў, якія паступілі на асабістыя мабільныя нумары, трэцім асобам.
Дарэчы, у сакавіку бягучага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 269 ад 29 жніўня 2023 года “Аб мерах па процідзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям”. Згодна з гэтым дакументам праваахоўным органам прадстаўлены магчымасці па блакіраванні рахункаў, па якіх ажыццяўляліся пераводы выкрадзеных грашовых сродкаў, прыпынення несанкцыянаваных аперацый па іх. Своечасовы зварот пацярпелых у тэрытарыяльны орган унутраных спраў можа паспрыяць вяртанню ім грашовых сродкаў.
– Калі ласка, раскажыце падрабязней пра спосабы, якія найчасцей выкарыстоўваюць ашуканцы?
– Зламыснікі намагаюцца вывесці чалавека з псіхалагічнай раўнавагі, таму распрацоўваюць разнастайныя спосабы прыцягнення ўвагі і намагаюцца выклікаць давер у будучых ахвяр сваіх злачынных схем. Так, яны прадстаўляюцца службовымі асобамі – нярэдка супрацоўнікамі службы бяспекі банкаў ці сілавых структур. Паведамляюць пра ДТЗ з удзелам блізкага чалавека і ўсё часцей карыстаюцца пачуццём грамадзянскай адказнасці нашых суайчыннікаў, указваючы на неабходнасць дапамогі ў вышуку злодзеяў, “дэклараванні” наяўных грашовых сродкаў, неабходнасці падаўжэння тэрмінаў дагавораў па паслугах электрасувязі і іншага.
Часцяком злачынцы ажыц-цяўляюць званкі з выкарыстаннем розных месэнджараў, зрэдку выкарыстоўваюць тэлефонную сувязь з нумарамі замежных аператараў. Гутаркі з людзьмі вядуць сур’ёзныя спецыялісты з пастаўленым маўленнем, якія аказваюць моцны псіхалагічны ўплыў. Таксама распаўсюджаны спосаб выкарыстання фіктыўных інтэрнэт-крам па продажы рознай прадукцыі і тавараў у сацыяльнай сетцы “Instagram”.
– У чым залог паспяховага заканчэння крымінальнай справы?
– Фактычна расследаванне, у большасці выпадкаў, пачынаецца з моманту выезду следча-аператыўнай групы на месца здарэння. Правільная арганізацыя следчым працы групы, якасны збор доказаў, тлумачэнняў відавочцаў і іншай інфармацыі, аналіз атрыманых звестак – з’яўляюцца пэўным падмуркам для далейшага расследавання, і чым ён больш поўны і глыбокі, тым прасцей прымаць адпаведныя рашэнні.
Здараюцца злачынствы, якія здзяйсняюцца невідавочна. У названых выпадках, для высвятлення ісціны патрабуецца дадатковы час, каб правесці адмысловую следчую і аператыўную работу. З гэтага вынікае, што следчы – гэта складаная і адказная праца. Дарэчы, сёлета следчыя ажыццявілі больш за 230 выездаў на месцы здарэнняў па заявах і паведамленнях аб злачынствах або намерах на здзяйсненне злачынных дзеянняў.
– Дзякуем за змястоўную гутарку, Георгій Валер’евіч, і віншуем следчых Петрыкаўшчыны з прафесійным святам.
Запісаў Арцём ГУСЕЎ.
Оставить комментарий