15 лютага ў гарадскім парку прайшоў мітынг з нагоды 36-годдзя з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Мерапрыемства сабрала воінаў-інтэрнацыяналістаў і іх родных, прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, жыхароў горада.

З прамовай перад удзельнікамі мітынгу выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер. Прадстаўнік улады падзякаваў воінам-інтэрнацыяналістам за іх мужнасць, стойкасць, сілу духу, прыхільнасць дабру і справядлівасці.
– Ужо няма магутнай краіны Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспубліка, чые інтарэсы абаранялі ў далёкім Афганістане тысячы беларусаў. Аднак памяць па-ранейшаму адклікаецца болем у сэрцах маці, бацькоў, удоў, дзяцей, землякоў тых хлопцаў, якія не вярнуліся з афганскай вайны, – адзначыў старшыня райсавета. – Дарогамі вайны прайшло 32 тысячы беларусаў, больш за 770 з іх не вярнуліся дадому. Сярод загінулых чатыры ўраджэнцы Петрыкаўскага раёна: Уладзімір Жэжэц, Юрый Ракіцкі, Уладзімір Занкевіч, Мікалай Фіндзюкевіч. У гэты дзень мы ўшаноўваем памяць усіх удзельнікаў узброеных канфліктаў за межамі краіны, якія мужна і сумленна выконвалі свой службовы абавязак.
Віталь Уладзіміравіч адзначыў: няма нічога даражэй за спакой і мір на зямлі. Сёння, як ніколі, важная роля ў справе патрыятычнага выхавання моладзі адведзена тым, хто на прыкладзе ўласнага жыцця разумее, што такое подзвіг, абавязак і гонар.
Пра важнасць захавання памяці пра подзвіг салдат гаварыў старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, падпалкоўнік у запасе Мікалай Жукоўскі:
– Дзевяць гадоў, адзін месяц і дзевятнаццаць дзён знаходзіліся ў Афгане савецкія войскі. Тыя падзеі вечнай засечкай засталіся ў сэрцах і ў душах кожнага беларуса, хто прайшоў дарогамі афганскай вайны. Салдаты нашага раёна з гонарам выканалі інтэрнацыянальны абавязак перад Радзімай, праявілі мужнасць і гераізм.
Мікалай Аляксандравіч адзначыў, што сёння ў раёне пражывае 72 воіны-інтэрнацыяналісты, з іх 66 ваявалі ў Афганістане. Ім прыйшлося перажыць шмат пакут і цяжкасцяў, але ўсе засталіся вернымі прысязе да канца і з’яўляюцца годным прыкладам для суайчыннікаў.
Член маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў Сяргей Шамра ад імя маладога пакалення выказаў словы ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам, іх бессмяротнаму подзвігу. “За гады, якія мінулі пасля вываду савецкіх войскаў з гор Афганістана, прайшло больш за тры дзесяцігоддзі, вырасла новае пакаленне і яно памятае пра тыя падзеі, ведае сваіх герояў. Асабліва гэта важна ў год 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайне”.
Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі працоўныя калектывы, моладзь Петрыкаўшчыны. Унеслі адпаведны настрой душэўныя музычныя нумары ў выкананні землякоў. Акцыяй “Свечка памяці”, ускладаннем кветак і хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць удзельнікаў афганскіх падзей.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о