Георгій Верашчакоў, начальнік Петрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта, з цяплом расказвае пра сваіх дзядуляў, якім у юным узросце прыйшлося стаць удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны.

– Я як адзін са шматлікіх жыхароў Рэспублікі Беларусь з’яўляюся ўнукам воінаў-вызваліцеляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Абодва мае дзядулі – Верашчакоў Сцяпан Іванавіч і Міцкевіч Іван Якаўлевіч –прымалі актыўны ўдзел у вызваленні на той момант саюзных рэспублік і еўрапейскіх краін. Дзядуля па мамінай лініі, Міцкевіч Іван Якаўлевіч, 1921 года нараджэння быў прызваны ў верасні 1940 года і дэмабілізаваўся толькі 20 сакавіка 1946 года. Ваяваў на Паўднёвым фронце, Закаўказскім і Украінскім франтах. У складзе рэгулярнай арміі прайшоў практычна ўсе еўрапейскія краіны. За баявыя заслугі неаднаразова ўзнагароджаны баявымі ўзнагародамі: ордэнам «Чырвонай зоркі», медалём «За абарону Каўказа», «За ўзяцце Будапешта», «За ўзяцце Белграда», «За вызваленне Беларусі», «За ўзяцце Бярліна»,»За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай Вайне» і многія іншыя.

“Няма ў Беларусі сям’і такой,  дзе не памятны быў свой герой…”
Аднак ёсць сярод іх самыя каштоўныя – баявыя ўзнагароды, якія ўручаліся за подзвігі. Так, мой дзед 14 лістапада 1944 года пры забеспячэнні фарсіравання ракі Дунай у раёне Баціна, частак 57-ай Арміі, паказаў прыклад мужнасці і адвагі. Яму было даручана тэрмінова пераправіць боепрыпасы на правы бераг Дуная для ўмацавання плацдарма, але вораг вёў кулямётны і мінамётны агонь і не даваў магчымасці зрабіць пагрузку боепрыпасаў. Згодна з узнагародным лістом ад 20 лістапада 1944 года мой дзед, знаходзячыся пад агнём ворага, першым пачаў пагрузку скрынь з боепрыпасамі і даставіў на пароме на правы бераг 40 скрынь з боепрыпасамі, у сувязі з чым быў узнагароджаны ордэнам «Чырвоная зорка». У цяперашні час здаецца, ну што такое ён здзейсніў, але мы і не ведаем маштабаў падзей, якія адбываліся.

“Няма ў Беларусі сям’і такой,  дзе не памятны быў свой герой…”
Паводле дакументальных хронік, «Бацінская бітва» з’яўлялася самай маштабнай бітвай Другой сусветнай вайны на тэрыторыі былой Югаславіі.
Толькі за некалькі дзён савецкія войскі страцілі 32 250 чалавек забітымі і 25 460 цяжка паранены. Гісторыкі апісваюць фарсіраванне ракі Дунай як самы складаны і кровапралітны ўчастак.
Другі дзядуля, Верашчакоў Сцяпан Іванавіч, 1926 года нараджэння будучы на пасадзе мінамётчыка маторна-танкавага корпуса 9 маторна-танкавай брыгады 1-га Беларускага фронту прымаў актыўны ўдзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і 16 сакавіка 1945 года ў баі ў час прарыву немцаў у г.Штэтэн (Польшча) быў цяжка паранены.

“Няма ў Беларусі сям’і такой,  дзе не памятны быў свой герой…”
Я ганаруся сваімі дзядулямі і заўсёды прыводжу іх прыклад патрыятызму сваім дзецям, а таксама супрацоўнікам аддзела. Вельмі дрэнна, што нашы ветэраны так хутка сышлі ад нас. Шкадую, што будучы юнаком, не сказаў сваім дзядулям дзякуй за перамогу, за той цяжкі шлях, які ім давялося прайсці для нашай агульнай перамогі.
Нельга забываць нашых дзядоў і прадзедаў і тую Вялікую Перамогу, якую яны нам падарылі.
Мы памятаем!

Запісала Марыя ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о