Днямі мы сустрэліся з настаяцелем касцёла Благавешчання Прасвятой Дзевы Марыі Яцыкам Бараўцом і ксяндзом Леанардам Адушкевічам з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. У інтэрв’ю нашаму выданню святары распавялі пра тое, чаму ў любой сям’і важныя перш за ўсё любоў і вера і як захаваць мір у краіне і душы.
– Шаноўны Яцык, гэта Ваша першае інтэрв’ю нашаму выданню, таму хацелася б больш даведацца пра Вас не толькі як пра святара, але і як пра чалавека: пра бацькоў, пра Ваш шлях да Бога.
– Я нарадзіўся ў Польшчы, у горадзе Любліне.
Мае бацькі былі шчырымі вернікамі і працавітымі людзьмі. На жаль, яны ўжо пайшлі з жыцця. Я вырас у шматдзетнай сям’і. Нас у бацькоў было дзесяцёра, і я малодшы сын у вялікай і дружнай сям’і.
Колькі сябе памятаю, вера заўсёды была неад’емнай часткай жыцця нашай сям’і: бацькі навучылі нас малітве, любові да Бога, да іншых людзей. Магчыма, яны не ведалі ўсіх тэалагічных дагматаў, але шчыра верылі, што ёсць Гасподзь, ён Збаўца наш, ён жыве ў кожным з нас і штодня кіраваліся ў жыцці яго запаведзямі. Таму з дзяцінства мы з братамі і сёстрамі адчувалі Божую прысутнасць у нашым доме і жыцці.
У падлеткавым узросце я пачаў задумвацца пра сваю мэту, пра тое, што насамрэч важна, а што носіць другасны характар. Менавіта тады я адчуў моцнае жаданне стаць святаром.
Важную ролю ва ўмацаванні веры адыгралі сустрэчы з духоўнікамі, размовы пра жыццё і Бога. Памятаючы пра бацькоўскую навуку, менавіта ў касцёл я імкнуўся, калі мяне перапаўнялі радасныя эмоцыі. Туды я спяшаўся і ў цяжкія перыяды жыцця, калі шукаў адказы на складаныя пытанні і меў патрэбу ў духоўнай падтрымцы.
Такім чынам, у першую чаргу жыццё ў сям’і, дзе былі любоў і вера, адыграла ключавую ролю ў маім духоўным станаўленні.
Я закончыў духоўную семінарыю ў Любліне і ўжо больш за 17 гадоў служу ў касцёле Благавешчання Прасвятой Дзевы Марыі. Таксама праводжу службу ў Капаткевічах і Брынёве.
– Якую гісторыю мае касцёл і чым жыве Ваш прыход сёння?
– Касцёл Благавешчання Прасвятой Дзевы Марыі пабудаваны ў стылі новай архітэктуры на добраахвотныя ахвяраванні прыхаджан. Першых вернікаў прыняў у 2000 годзе. Да гэтага каталікі Петрыкаўшчыны правілі службу ў прыватных дамах. Вялікія намаганні дзеля яго пабудовы і адкрыцця прыклаў ксёндз Стэфан, чалавек вядомы і паважаны ў каталіцкім свеце. На жаль, чатыры гады таму ён пайшоў з жыцця, аднак памяць пра яго жыве, дзякуючы добрым справам, якія ён здзяйсняў.
На сённяшні дзень парафія (заўв. аўт. – прыход) нашага касцёла – каля двух дзясяткаў чалавек з ліку актыўных наведвальнікаў штотыднёвай месы (заўв. аўт. – службы). У дні вялікіх святаў касцёл наведвае больш вернікаў.
– Сёння, калі ў свеце неспакойна, адбываюцца войны і канфлікты, як захаваць мір у душы, у грамадстве, у краіне? Што для гэтага можа зрабіць кожны з нас?
– Гэта актуальная і важная тэма, бо тычыцца духоўных і маральных аспектаў захавання міру ва ўмовах сусветнай нестабільнасці. Я лічу, што кожны хрысціянін павінен імкнуцца быць міратворцам у сваім асяроддзі, садзейнічаць адзінству, удзельнічаць у падтрыманні міру праз добрыя справы, дапамогу бліжняму і захаванне законаў Божых. Ведайце, Ражство для гэтага цудоўны час: азірніцеся вакол – і ваша чулае сэрца падкажа адзіна правільны шлях да душэўнай гармоніі.
Хочацца пажадаць усім вернікам, каб прыходзілі ў храм. Тут можна знайсці адказы на ўсе хвалюючыя пытанні, супакоіць душу і сэрца. Свята Божага Нараджэння – цудоўны час для гэтага. Нельга чалавеку забываць пра духоўнае.
– Беларусы заўсёды выступалі за захаванне агульначалавечых хрысціянскіх каштоўнасцей, традыцыйных сямейных нормаў. Аднак сёння на захадзе актыўна прапагандуюцца аднаполыя шлюбы і “свабодныя ад дзяцей” сем’і. Леанард, па Вашым меркаванні, як зберагчы наша грамадства ад падобных ідэй?
– Касцёл заўсёды стаяў і будзе стаяць на абароне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей, якія, як вядома, служаць асновай для пабудовы здаровага і гарманічнага грамадства. “Новамодныя” ідэі аказваюць вельмі негатыўны ўплыў. Аднак, адказваючы на ваша пытанне, хачу адзначыць, што касцёл закліканы не толькі абараняць ісціну, але і праяўляць міласэрнасць і цярпімасць да кожнага чалавека. Чужыя ідэі не павінны станавіцца прычынай варожасці ці яшчэ горш – гвалту, яны хутчэй павінны заахвочваць нас да актыўнай малітвы і клопату пра духоўную асвету. У гэтым, па маім меркаванні, заключаецца наш адказ на выклікі часу – быць вернымі Хрысту і Ягонаму вучэнню, пры гэтым заставацца адкрытымі для міласэрнасці і спагады.
– Ражство Хрыстова – час радаснага чакання для вернікаў. Вашыя пажаданні прыхаджанам і ўсім вернікам Петрыкаўшчыны?
– Ражство – гэта момант, калі Бог прыходзіць да нас у чалавеку Езусе Хрысце, каб падарыць мір і збаўленне.
Мой наказ для ўсіх вернікаў у гэты святы перыяд – імкнуцца да абнаўлення свайго ўнутранага свету, адкрыцца для Божай любові і міласэрнасці. Памятайце, што сапраўдная радасць Ражства прыходзіць праз спачуванне і дапамогу іншым, праз нашае імкненне быць больш падобнымі да таго, хто нарадзіўся ў Віфлееме для выратавання свету.
Жадаю ўсім блаславёнага Ражства, напоўненага мірам, спакоем і шчырай радасцю, а таксама моцнай веры, надзеі і любові, каб у кожным сэрцы нарадзіўся Хрыстос.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий